«Мегатоп» зняў рэкламу, дзе мужчына ў ружовым парадзіруе Кэры Брэдшоу. І нарваўся на ГУБАЗіК

Сетка абутковых крамаў «Мегатоп» вырашыла арыгінальна нагадаць пра сябе. Але піяр-кампанія рызыкуе скончыцца сумна.

29.09.2023 / 11:16

Скрыны рэкламнага роліка «Мегатопа»

«Мегатоп» зняў рэкламу ў стылі пародыі на папулярны серыял «Сэкс у вялікім горадзе». У роліку барадаты мужчына ў ружовым і ў парыку пад музыку з застаўкі серыяла, нібы галоўная гераіня Кэры Брэдшоу, бегае па мінскай вуліцы Кастрычніцкай.

«Мы ведаем, дзе знайсці вашу пару мары», — падпісаны пост.

Пакупнікі адрэагавалі на рэкламу па-рознаму. Хтосьці ад душы пасмяяўся, іншыя заявілі, што «апошні раз у вас нешта купляю».

Рэкламу заўважыў і ГУБАЗіК і ўгледзеў у ёй злачынства.

«Гумар гумарам, але гэта цягне на ЛГБТ-прапаганду нетрадыцыйных каштоўнасцяў, пакаранне за якую ўжо было анансавана Генеральнай пракуратурай.

Звяртаем увагу кампетэнтных органаў, у зоне адказнасці якіх знаходзіцца гэтая арганізацыя. Не даводзьце да граху, каб і за гэтую справу прыйшлося брацца ГУБАЗу», — напісалі міліцыянты ў сваім канале.

Неўзабаве рэкламны ролік знік з інстаграма «Мегатопа».

У чэрвені Генпракуратура анансавала, што збіраецца ўвесці адміністрацыйную адказнасць за ЛГБТ-прапаганду.

Раней за любоў да ружовага лукашысты накінуліся на папулярнага блогера Дзім Дзімыча. На яго наехала прарасійская актывістка Вольга Бондарава, а пасля блогеру давялося ісці на інтэрв'ю да Азаронка.

Чытайце таксама:

Блогера-мільённіка Дзім Дзімыча, якога абвінавацілі ў прапагандзе ЛГБТ, прымусілі апраўдвацца на стрыме ў Азаронка

Лукашэнкаўскі гісторык выявіў Губку Боба на плакаце сацыяльнай рэкламы і абурыўся прапагандай «педэрастыі»

Уводзіцца адміністрацыйная адказнасць за «прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных адносін» і бяздзетнасці

Чарговая спецмісія Бондаравай. Гэтым разам над «Еўраоптам»

Nashaniva.com