Па суседстве з чыноўнікамі і мільянерамі. Якія катэджы прадаюць у Драздах
Паглядзелі, якія катэджы і па якіх цэнах прадаюць у элітным мікрараёне.
01.10.2023 / 20:19
Дом, у якім ніхто не жыў
Самы дарагі дом у Драздах ацэнены ў 3,05 млн даляраў. Столькі просяць за катэдж на 305 м² на Сёмкаўскім завулку, які стаіць на ўчастку памерам 15 сотак. Жытло цалкам гатовае для засялення. Дом часткова мэбляваны, год завяршэння пабудовы — 2023. У доме яшчэ ніхто не жыў.
Фота: realt.by
Тэрыторыя абсталяваная ўласнай сістэмай відэаназірання і сістэмай «разумны дом». У катэджы маецца саўна і невялічкі басейн, у якім можна толькі акунуцца.
Фота: realt.by
На ўчастку выкананы ландшафтны дызайн. Дом знаходзіцца непадалёк ад вадасховішча Дразды.
Фота: realt.by
У доме зроблены дызайнерскі рамонт з выкарыстаннем дарагіх матэрыялаў італьянскай і амерыканскай вытворчасці, гаворыцца ў апісанні.
Класічны катэдж
Наступны па дарагоўлі дом у Драздах каштуе на 50 тысяч даляраў менш.
Роўна за тры мільёны даляраў прадаецца катэдж з агульнай плошчай 437 «квадратаў» на вуліцы Рачной. Катэдж быў пабудаваны ў 2005 годзе.
Фота: realt.by
Дом двухпавярховы, на цокальным паверсе знаходзяцца: памяшканне-сейф, більярдавая, дзве кладоўкі з асобнай вентыляцыяй і зонамі абсталяванымі для захоўвання гародніны.
Фота: realt.by
Апроч асноўнага дома на 15 сотках стаіць лазня з басейнам, пабудаваная з брусу. Ёсць тэраса, пакой для адпачынку з мармуровай абагравальнай ляжанкай, зона для барбекю.
Рамонт у доме выкананы з намёкам на класічны стыль. На першым паверсе знаходзіцца гасцёўня, кухня-сталовая і пакой для гасцей з санвузлом.
Фота: realt.by
На другім узроўні знаходзяцца: дзве спальні, два санвузлы, кабінет і гардэробны пакой.
Дом з басейнам і агародам
Дом за 2,75 млн даляраў прадаюць на Агатавым завулку. Агульная плошча дома 2006 года пабудовы — 871 м².
Фота: realt.by
На ўчастку памерам 15 сотак выкананы ландшафтны дызайн, але, як пазначана ў апісанні, знайшлося месца і для агароду.
Фота: realt.by
На мансардавым паверсе знаходзяцца пакой з більярдным сталом, невялічкая спартыўная зала, пакой з тэнісным сталом. Гардэробная — плошчай з сярэднестатыстычную двухапакаёўку (51 м²).
Фота: realt.by
Для адпачынку тут ёсць альтанка з зонай барбекю на вуліцы, а таксама саўна і басейн на цокальным паверсе.
Фота: realt.by
«У гэтым доме ёсць усё, пра што вы марылі: не толькі вялікі прыгожы дом, але і месца, дзе вы можаце адчуваць сябе камфортна і ўтульна, дзе вы можаце бавіць час са сваёй сям'ёй і сябрамі, атрымліваць асалоду ад цішыні і спакою, а таксама забаўляцца і займацца любімым хобі», — піша прадавец, дадаючы да пераваг «зычлівых рэспектабельных суседзяў».
Варыянт са SPA
У 2 млн 300 тысяч ацэньваюць дом у сучасным стылі. За гэтыя грошы абяцаюць гатовы катэдж без чыставой адзелкі з добраўпарадкаваным ўчасткам. Ёсць гараж і зона SPA, таксама ў гэты кошт уваходзіць лесвіца на другі паверх.
Фота: realt.by
Знаходзіцца будоўля на вуліцы Вербнай. Агульная плошча пабудовы складае амаль 500 «квадратаў», жылая — пад 350 м². Памер участка — 12 сотак.
Высокія столі і голыя сцены
На вуліцы Вербнай за 1,3 млн даляраў прадаецца незавершанае будаўніцтва. Агульная плошча дома 590 м². Участак — 15 сотак.
Фота: realt.by
На ўчастку шмат будаўнічых матэрыялаў, а ўнутры — голыя сцены.
Фота: realt.by
Другі паверх мансардавага тыпу, але з высокімі столямі — як пазначана ў апісанні, на піку яны дасягаюць 5,2 метра.
Затое ў Драздах
Але, каб жыць у адным з самых элітных раёнаў сталіцы, не абавязкова быць даляравым мільянерам. Дастаткова — рублёвым.
Фота: kufar.by
Так, у Драздах па завулку Веснінка за 1,200 млн рублёў, ці каля 346 тысяч даляраў, прадаецца палова дома 1972 года пабудовы разам з кавалкам зямлі на 7,5 сотак.
Чытайце таксама:
З камінам, пілонам і са святламузыкай. У Віцебску прадаецца ўнікальны гараж
У «Новай Баравой» з'явяцца кватэры плошчай усяго 20 «квадратаў». Якая цана?