У Марыянскай упадзіне знойдзены новы вірус. Ён можа аказацца самым глыбакаводным у свеце

Расказваем, што пра яго вядома.

29.09.2023 / 21:20

Марыянская ўпадзіна — самае глыбокае месца ў свеце. Фота: Matteo Colombo / Getty Images

Група навукоўцаў з Кітая знайшла, магчыма, самы глыбакаводны вірус на Зямлі. Яго адшукалі на адкладах, узятых з глыбіні 8900 метраў у Марыянскай упадзіне. Пра гэта паведаміла агенцтва Euronews са спасылкай на вынікі даследавання, апублікаваныя ў часопісе Microbiology Spectrum на мінулым тыдні.

«Вірус атрымаў назву vB_HmeY_H4907. Падобныя да яго мікраарганізмы жывуць у так званых «пякельных зонах» акіяна (hadal zones, названых у гонар грэцкага бога падземнага царства Аіда, або Гадэса) — самых глыбакаводных участкаў Зямлі са звышвысокім ціскам і поўнай адсутнасцю святла. Яны пакуль малавывучаныя, асабліва ў частцы патэнцыйнай шкоды для чалавека», — піша Euronews са спасылкай на кітайскіх навукоўцаў.

Што вядома дакладна, дык гэта тое, што новы вірус заражае пераважна марскія бактэрыі Halomonas, якія звычайна распаўсюджаныя ў Марыянскай упадзіне і каля Антарктыды. Менавіта ў гэтых бактэрыях знойдзены вірус здольны размнажацца і выжываць у экстрэмальных умовах.

Апроч таго, даследаванні, праведзеныя не так даўно, паказалі вялікую разнастайнасць і экалагічную важнасць вірусаў з «пякельных зон», як адзначаюць кітайскія навукоўцы. І хоць да гэтага часу было знойдзена толькі два такія вірусы, марскія вірусолагі працягваюць шукаць новыя формы жыцця на глыбіні акіяна.

Марыянскі жолаб знаходзіцца каля Марыянскіх астравоў, яго глыбіня складае больш за 11000 метраў — гэта самае глыбокае месца Сусветнага акіяна.

Чытайце таксама:

«Вірус нікуды не знік». Мінздароўя папярэджвае пра важнасць вакцынацыі супраць грыпу і кавіду

У Вялікабрытаніі некалькі чалавек заразіліся невылечнай інфекцыяй. Адна з крыніц заражэння — Беларусь

Амерыканскія навукоўцы працуюць над прыстасаваннем з чалавечых клетак, якое зможа аўтаматычна выпрацоўваць інсулін

Nashaniva.com