Пракоп'еў распавёў, чаму сілавікі будуць слухаць Качанаву і хто такія чырвоныя і белыя лукашысты
Грамадскі дзеяч Вадзім Пракопʼеў у выпуску ютуб-канала «Ток» выказаў свой погляд на Качанаву, вызначыў дзве групы ў беларускай наменклатуры і распавёў, што неабходна, каб адбыўся круглы стол улады і дэмакратычных сіл.
29.09.2023 / 14:52
Вадзім Пракопʼеў заўважае, што пры сённяшнім дзяржаўным ладзе ў выпадку смерці Лукашэнкі высокая імавернасць таго, што менавіта Качанава ўзначаліць Раду бяспекі і сілавікі будуць яе слухаць.
«Наталля Качанава была заўважаная ў некаторых здольнасцях. Напрыклад, калі сілавікі набралі ў рот вады, былі не ў стане размаўляць з пратэснай аўдыторыяй, яна спрабавала з камсамольскім талентам заходзіць у Лінгвістычны. Трэба сказаць, што ў яе лепш атрымлівалася, чым ва ўсіх сілавікоў. Кубракоў таксама хадзіў у Лінгвістычны, але з Качанавай не параўнаць. У яе ёсць некаторыя адміністрацыйныя таленты. І такі камсамольскі рытарычны, маніпулятыўны стыль», —
тлумачыць свой погляд Пракопʼеў і адзначае, што ён бы ні ў якім разе не ставіў на сілавікоў супраць Качанавай.
Чаму Лукашэнка ставіць на Качанаву
Стаўка Лукашэнкі на Качанаву, як лічыць Пракопʼеў, — гэта спалучэнне некаторых фактараў. «Лукашэнка схільны верыць, што жанчына яму не здрадзіць, калі ён пойдзе на елбасы».
«Мне здаецца, што ён разгледзеў у ёй такую камсамольска-савецкую зорку. Зразумела, што яна не гіпнатызёр узроўню Лукашэнкі, але ўсё ж такі яна дастаткова ўпэўнена сябе пачувае ў незнаёмай аўдыторыі сярод чыноўнікаў.
Трэцяе і, як мне падаецца, самае важнае: яна, што відаць нават па невербальных паводзінах, дэманструе максімальную ступень лаяльнасці. Свядома яна так робіць ці не, мы не разумеем. Але гэта спрацавала. Да таго ж, хутчэй за ўсё, яна заводзіць актыўныя кааліцыі. Можна паспекуляваць аб тым, хто ў кааліцыі. Але відавочна, што другая Наталля — Эйсмант — таксама ў кааліцыі», — выказвае свае думкі Пракопʼеў і адзначае, што кааліцыі цалкам пралукашэнкаўскія.
Закулісныя гульні эліты Лукашэнкі
Пракопʼеў лічыць, што адзінства палітычнай эліты няма. Тое, што мы бачым — спрэчкі Бондаравай, Азаронка, Вараніцы, — гэта толькі вяршыня айсберга.
Пракопʼеў сцвярджае, што ў сённяшняй беларускай наменклатуры, у палітычным класе ёсць дзве буйныя партыі. Першую ён называе «чырвоныя лукашысты». Яны «ў выпадку сцэнара «смерць Сталіна» навыперадкі будуць бегчы да тэлефона і званіць у Маскву».
Другая партыя — «белыя лукашысты». «Гэта таксама малапрыемныя людзі, але ў іх ёсць пункцік, які называецца суверэнітэт. Іх каштоўнасны рад не супадае з нашым. Але тым не менш для іх незалежнасць краіны ёсць, як і для нас, каштоўнасцю. А гэта ўжо нейкае судакрананне гэтых акружнасцяў».
Вадзім Пракоп'еў. Скрыншот відэа TOK_talk / YouTube
Пракопʼеў распавядае, што ў сённяшніх умовах нізкая імавернасць усплёску народнага супраціву. Гэта ён тлумачыць асаблівасцямі беларускага нацыянальнага характару і неадпаведнай сітуацый. Значна большая магчымасць элітнага перавароту.
«Элітны пераварот у выпадку, калі мы не будзем пазяхаць, у выпадку, калі мы адрамантуем лідарства, можа прывесці да круглага стала, як гэта было ў Польшчы. З Лукашэнкам гэта немагчыма. Ён не Ярузельскі, які, нягледзячы на тое, што быў камуністычным людажэрцам, усё ж такі спавядаў абарону польскіх нацыянальных інтарэсаў. Таму круглы стол, зыходзячы толькі з майго аналізу, магчымы толькі пасля Лукашэнкі.
Калі гаварыць простаю моваю, уся беларуская драма скончыцца «стрэлкай». У іх ствалы і ў нас ствалы. Узброенае сутыкненне не адбываецца, бо ўжо да гэтага стралялі абодва бакі. Вельмі напружаныя перамовы скончацца абвяшчэннем транзітнага перыяду», —
прагназуе Пракопʼеў і дадае, што ключавы фактар — Масква.
«Каб удзельнічаць у такім круглым стале, не трэба сядзець і спадзявацца, што ён адбудзецца, што вецер гісторыі нас да яго прынясе. Неабходна рыхтаваць рэвалюцыю. Пакуль ты яе рыхтуеш, імавернасць круглага стала павышаецца», — лічыць Пракопʼеў.
Прароцтва Пракопʼева
Падчас мяцяжу Прыгожына Пракопʼеў звярнуўся да беларусаў з заяваю аб тым, што нехта з атачэння Лукашэнкі можа выступіць і беларусам трэба яго падтрымаць. І гэта можа быць пераломным момантам.
«Называйце гэта прароцтвам. Ад Прыгожына шмат што залежала. Хаця справядлівасці дзеля трэба сказаць, што ў Прыгожына не атрымалася яшчэ і таму, што рэвалюцыйнай сітуацыі ў Расіі не было. Можна казаць аб тым, што ён не хацеў, не сказаў правільных лозунгаў, каб яго «марш справядлівасці» аброс як снежны камяк прыхільнікамі.
Таму, як і ў выпадку з вяртаннем Навальнага, так і ў выпадку з недамяцяжом Прыгожына, трэба замераць «тэмпературу па бальніцы». Рэвалюцыйнай сітуацыі там няма. З іскры пакуль у Расіі не ўзгарыцца полымя».
Глядзіце цалкам: