«Адразу падумала, гэта Чарнобыльская зона». Відэа з беларускага аграгарадка пужае беспрасветнасцю

Сяргеевічы — аграгарадок у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Месціцца за 58 кіламетраў ад Мінска. Відэа ў тыктоку адтуль сабрала больш за 120 тысяч праглядаў і каля 800 каментароў. Карыстальнікі назвалі гэта месца беларускім Сайлент Хілам.

01.10.2023 / 10:21

@aleksfurs77

♬ Spooky, quiet, scary atmosphere piano songs - Skittlegirl Sound

На апублікаваным у тыктоку відэа — беларускі аграгарадок, то-бок не закінутая вёска. Менавіта за аграгарадкамі бачыць будучыню Аляксандр Лукашэнка, пра што ён нядаўна казаў. Закінутыя дамы, паваленыя платы, забітыя вокны, шэрасць і бязлюднасць — такім пабачыў Сяргеевічы аўтар відэа.

Шмат хто з чытачоў стаў вінаваціць саміх жыхароў у такім стане.

«Можна каля дома навесці парадак. Месца для агароду ёсць, каб сваё было. Самі давялі, працаваць не жадаюць».

«А калі пакасіць, парадак навесці ў двары, дзе жывеш, цюль чыстую павесіць, і ўжо выгляд зменіцца, клумбы нідзе няма. Гэта залежыць ад жыхароў», — пісалі такое адны.

Другія тлумачылі, што справа ў палітыцы ўладаў, якія давялі беларусаў да такога занядбанага стану.

«Дакладна. І дом пафарбаваць, і ў падʼездзе рамонт зрабіць. На дарозе ямы заладзіць. Самім стварыць прадпрыемствы для працоўных месцаў. Зарплату самім сабе плаціць».

«Які парадак? У падʼездзе ўсе вокны забітыя, людзі ўсё паўцякалі, няма працы. Пра які парадак гаварыць, калі няма што есці?»

«У кожным раёне такіх мора дамоў, яшчэ гадоў 10-15 — і ў калгасах працаваць няма каму будзе».

«Вы думаеце справа ў фасадзе? А можа ў наяўнасці стабільнага і пастаяннага годнага заробку?»

«У маім горадзе двухпавярховікі, у цэнтры горада, без водаправода і каналізацыі да гэтага часу стаяць».

«А па экране нам гавораць, што мы ў шакаладзе…»

«У Віцебскай вобласці гэтак жа».

«Так ва ўсіх абласцях».

«Хутка студэнты падʼедуць па размеркаванні».

«Адразу падумала, гэта Чарнобыльская зона».

«Вось так выглядае стабільнасць».

«Чаму так страшна?»

Nashaniva.com