Новы дзіцячы сад і ФАК як подзвіг. Як невялікая будоўля паставіла бюджэт цэлага раёна «на калені»
За апошні час у бюджэце Лепельскага раёна ўтварылася «дзірка» ў больш за 12 млн рублёў. «Нашы грошы» разбіраліся, што адбылося.
02.10.2023 / 13:46
У Лепельскім раёне Віцебскай вобласці жыве 30 737 чалавек, адміністрацыйны цэнтр — горад Лепель з насельніцтвам 17 182 чалавекі (даныя гэтага года).
Галоўныя прадпрыемствы раёна адносяцца да перапрацоўчай прамысловасці. У першую чаргу гэта філіял «Лепельскі» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт» (удзельная вага — 44,2 % у агульным абʼёме вытворчасці рэгіёна) і філіял «Лепельскі МКК» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» (удзельная вага — 43,5 % у агульным абʼёме вытворчасці рэгіёна).
Сярэдні заробак за жнівень у раёне склаў 1381,5 рублёў (ці 88,9% ад сярэдняга па вобласці).
З года ў год выдаткі бюджэту Лепельскага раёна былі фактычна роўныя прыбыткам, максімальна сыходзілі ў мінус да 2%. За выключэннем гэтага года. Такое дакладнае траплянне — не заслуга філіграннага планавання, а тое, што немалую долю бюджэту рэгіёна складае фінансаванне вышэйшага бюджэту, якое пакрывае ўсе мінусы і зводзіць іх практычна ў нуль. Датацыі зверху павялічваюцца па меры росту інфляцыі, заробкаў дзяржслужачых і іншых бюджэтных выдаткаў, якія падцягваюцца ўслед за інфляцыяй.
Падтрымка вышэйшага бюджэту складае сёлета 43% ад даходнай часткі. Гэта абсалютна тыповая карціна для большасці рэгіёнаў Беларусі за рэдкімі выключэннямі. Напрыклад, у Мінску бюджэт прафіцытны, і немалая частка прыбытку сталіцы пераразмяркоўваецца.
На другім месцы — грошы, атрыманыя з падаходнага падатку — 28%, і гэта паказвае, што раён не «мёртвы», у ім ёсць эканамічнае жыццё.
Акрамя гэтага, 7% паступае з плацяжоў ПДВ, 5% — з падаткаў на ўласнасць, і яшчэ цэлых 7% з усіх іншых даходаў (ад падатку на ўтрымліванне сабакі да збораў са збіральнікаў ягад).
Цяпер пагаворым пра расходы бюджэту на 2023 год.
Ільвіная доля грошай, якія паступаюць, ідзе на сацыялку. У першую чаргу 38% — на адукацыю і 24% — на ахову здароўя. У рэгіёне дастаткова шмат будуюць — на гэта ідзе 12%, спорт, культура і СМІ таксама займаюць 12%. На ўтрыманне апарату чыноўнікаў і іншую «агульнадзяржаўную дзейнасць» траціцца 7%, і яшчэ па 4% на сацыяльную палітыку і нацыянальную эканоміку. Як правіла, «нацыянальная эканоміка» — гэта падтрымка стратных прадпрыемстваў.
Што ж за падзеі адбыліся ў Лепельскім раёне, пасля якіх у бюджэце рэгіёна зʼявіўся такі вялікі дэфіцыт? Яшчэ ў студзені-лютым баланс бюджэту рэгіёна быў са знакам «плюс», але з сакавіка 2023 года ён рэзка асеў больш як на 10 працэнтаў.
Аказалася, нічога звышвыбітнага не адбылося. Проста ў Лепелі вырашылі пабудаваць дзіцячы садок і фізкультурна-аздараўленчы комплекс.
Іх агульны кошт роўны прыкладна 12 мільёнам рублёў — гэта якраз тая сума, на якую была перавышана расходная частка бюджэту рэгіёна.
Прычым цікава, што гэтыя абʼекты ўваходзяць у праграму будаўніцтва да 2025 года, але фінансаванне па іх было ажыццёўлена не планава (гэта было бачна ў бюджэце з пачатку года).
Хутчэй за ўсё, грошы на будаўніцтва паабяцалі, але яшчэ не паспелі выдаць. Доўгі, непаваротлівы дзяржаўны механізм датацый працуе менавіта так.
Эксперты звяртаюць увагу, што варта было б зрабіць так, каб умоўны Лепельскі раён атрымаў магчымасць зарабляць больш грошай і траціць іх з улікам унутраных патрэбаў, якія выдатна бачныя кіраўніцтву рэгіёна без якой-небудзь бацькоўскай апекі з боку «вышэйстаячых».
Але гэта амаль немагчыма, бо ўсе фінансы, якія выдзяляюцца цэнтрам, ідуць туды, куды скажа цэнтр, асабліва па праграме «мінімум на выжыванне». Любая ініцыятыва на месцах, асабліва звязаная з найбольш эфектыўным, прыватным сектарам — паход па мінным полі. Прыватнікі, як правіла, мала паддаюцца «жорсткаму кантролю», а такія прадпрыемствы адразу становяцца галаўным болем для кіраўнікоў рэгіёна. Яны пачынаюць патрабаваць ад чыноўнікаў працы і хацець хоць і пазітыўных, але ўсё ж пераменаў, канстатуюць эксперты.