Лукашэнка даручыў стварыць камісію, якая дапаможа «падняцца з каленяў»

Будзе створана камісія, якая зоймецца пытаннямі экспарту беларускіх тавараў.

03.10.2023 / 14:30

У цэнтры — Дзмітрый Круты, пасол Беларусі ў Расіі. Фота: «Пул первого»

Адпаведны ўказ павінен быць падпісаны ў хуткім часе, перадае БелТА. Як дакладна будзе называцца камісія, пакуль невядома, але ўзначаліць яе пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты.

«Прапісвайце сабе нармальныя ва ўказе паўнамоцтвы, — сказаў яму Лукашэнка на нарадзе. — Вядома, гэта будзе нагрузка на той апарат, які ў вас існуе. Нічога, ты, як новы чалавек, знойдзеш тых людзей, якія сёння ў вас недазагружаныя або якія могуць выканаць большы аб'ём працы. Але і тут міністраў, апарат урада — трэба задзейнічаць усіх, каго вы палічыце патрэбным».

Лукашэнка запатрабаваў дакладваць яму непасрэдна, калі ў працы камісіі, якую ўзначаліць Круты, будуць узнікаць нейкія пытанні.

«Мы выстаялі. Цяпер трэба падымацца з каленяў, — заявіў Лукашэнка. — Санкцыі, не санкцыі — увесь свет і мінеральныя ўгнаенні гатовы купляць, і нафтапрадукты. Нават у Расіі дэфіцыт. І гэтак далей. Таму няма такіх тавараў у Беларусі, якія мы не можам прадаць. Проста трэба варушыцца».

Круты кажа, што камісія будзе ўносіць прапановы па пытаннях лагістыкі, чыгуначных тарыфаў. Ён дадаў, што камісія зоймецца найперш экспартам у Расію.

Камісія ў першую чаргу будзе працаваць з самымі важнымі групамі тавараў. Паведамляецца, што будзе вызначана 75 галоўных пазіцый.

Nashaniva.com