Еўрасаюз вызначыўся, як будзе змагацца з вялікай колькасцю ўцекачоў

Новыя правілы, у выпадку ўзаконьвання, значна паскораць працэс легалізацыі ўцекачоў з розных краін.

05.10.2023 / 11:59

Уцекачы з Украіны пасля пачатку вайны рухаюцца ў ЕС. Фота: AP

У сераду 27 лідараў ЕС пасля трохгадовых спрэчак прыйшлі да пагаднення, як спраўляцца з раптоўным і рэзкім ростам колькасці просьбітаў на прытулак у Еўропе. Цяпер, у выпадку войнаў, стыхійных бедстваў альбо іншых здарэнняў, якія выклікаюць наплыў мігрантаў, еўрапейскія дзяржавы змогуць спрасціць працэс іх рэгістрацыі і хутка перамяшчаць іх у іншыя краіны ЕС.

Згодна са змесцівам новага пагаднення, краінам ЕС будзе адводзіцца не больш за 4 тыдні на афармленне першапачатковых дакументаў для ўцекачоў. Пасля верыфікаваных і зарэгістраваных мігрантаў могуць хутка адпраўляць у іншыя еўрапейскія краіны, дзе будзе адбывацца іх далейшая легалізацыя.

У выніковым тэксце пагаднення, як сцвярджаюць еўрапейскія палітыкі, шляхам кампрамісу ўдалося абараніць мінімальныя гуманітарныя стандарты ў адносінах да мігрантаў, як доступ да адукацыі і аховы здароўя.

Аднак, як піша выданне The Guardian, само пагадненне яшчэ трэба афіцыйна ўзаконіць і разам з тым пераадолець спрэчкі паміж некаторымі краінамі ЕС.

Гаворачы аб спрэчках, выданне прыводзіць у якасці прыкладу складаныя перамовы паміж Германіяй і Італіяй, бо краіны мелі розныя падыходы да вырашэння праблемы міграцыі. Сама Італія ў выніку заявіла, што Германія ўсё ж дазволіла італьянскім уладам выкарыстоўваць «надзвычайныя меры» для змагання з мігрантамі, уратаванымі няўрадавымі арганізацыямі.

Разам з гэтым, супраць новага пагаднення, нягледзячы на яго прыняцце, працягваюць выступаць Польшча і Венгрыя.

«Польшча і Венгрыя прагаласавалі супраць пагаднення, у той час як Аўстрыя, Чэхія і Славакія ўстрымаліся ад галасавання. Цяпер прынятая большасцю дамоўленасць мае быць ухвалена ў Еўрапарламенце.

Асноўная мэта пагаднення была ў тым, каб падзяліць цяжар міграцыі па ўсім ЕС, бо асобныя краіны прымаюць уцекачоў больш за астатніх. Таксама будзе значна паскораны працэс рэгістрацыі просьбітаў прытулку», — паведамляе The Guardian.

Чытайце таксама:

Беларускі таксіст у Беластоку — пра нюансы працы, прэтэнзіі пасажыраў і заробкі

Фільм «Зялёная мяжа»: што хацела паказаць Агнешка Холанд і што атрымалася

Дыскусія аб «літвінізме». Што рабіць з беларускай перспектывы?

Nashaniva.com