Грузавік урэзаўся ў легкавік на трасе. Загінула маці шасцярых дзяцей
Здарэнне адбылося 24 верасня на трасе М10 (мяжа РФ — Гомель — Кобрын). Грузавік урэзаўся ў легкавы Renault, які выконваў левы паварот. Кіроўца грузавіка быў пʼяны, піша Генпракуратура.
05.10.2023 / 13:51
Паводле матэрыялаў справы 59-гадовы жыхар Шчучынскага раёна 24 верасня на грузавым аўтамабілі MAN рухаўся па трасе М-10 у напрамку Брэста. Каля 19 гадзін 10 хвілін ён здзейсніў сутыкненне з легкавым аўтамабілем Renault Duster, які выконваў манеўр левага павароту.
Калі пярэдняя частка Renault Duster апынулася на сустрэчнай паласе, у яго ўрэзаўся грузавік.
Жанчына 1985 года нараджэння, кіроўца Renault, ад атрыманых траўмаў памерла па дарозе ва ўстанову аховы здароўя.
У яе засталося шасцёра непаўналетніх дзяцей.
Відавочцы ДТЗ растлумачылі, што жанчына загадзя ўключыла ў сваім аўтамабілі паказальнік левага павароту. Пераканаўшыся ў адсутнасці перашкод для манеўру, яна стала выязджаць на паласу сустрэчнага руху для павароту. Пры гэтым кіроўца грузавіка ў парушэнне ПДР прыступіў да абгону легкавога аўтамабіля з левага боку.
Экспертыза паказала, што абвінавачаны сеў за руль у нецвярозым выглядзе: утрыманне пары этылавага спірту склала 2,2 праміле.