Жонка Бекхэма спрабавала расказаць пра паходжанне з рабочага класа. Дэвід даціснуў, і яна сказала праўду

4 кастрычніка стрымінгавы сэрвіс Netflix выпусціў дакументальны серыял пра зорнага экс-футбаліста зборнай Англіі і «Манчэстэр Юнайтэд», а цяпер аднаго з уласнікаў «Інтэр Маямі» Дэвіда Бекхэма. Стужка складаецца з чатырох эпізодаў, кожны з якіх доўжыцца больш за гадзіну. У першай серыі, сярод іншага, жонка былога спартсмена Вікторыя распавяла гісторыю знаёмства з Дэвідам, піша Tribuna.com.

06.10.2023 / 09:46

— Я ўвогуле не люблю футбол! Не любіла тады, не люблю і цяпер. Але я бачыла яго фота ў часопісах, і ён відавочна быў вельмі сімпатычным юнаком. Я хадзіла да яго на гульні не таму, што пераследвала, мне проста хацелася пабачыцца.

Аднойчы я ўбачыла, як пасля матча футбалісты пайшлі ў бар, а Дэвід размаўляў з бацькамі. Я вельмі блізкая са сваёй сям'ёй, і мне спадабалася гэтая ягоная рыса характару.

Бекхэм жа быў не такі шматслоўным:

— Калі я ўпершыню з ёй загаварыў, я проста закахаўся! — лаканічна распавёў Дэвід.

А далей здарыўся вельмі камічны эпізод: Вікторыя пачала расказваць, што яны з мужам выйшлі з «рабочага класа». Бекхэм, які ў гэты момант знаходзіўся ў іншым пакоі, з'явіўся ў кадры і літаральна прымусіў жонку расказаць праўду.

— Мы абое былі родам з рабочых сямей, нашы бацькі працавалі не пакладаючы рук. Мы прадстаўнікі рабочага класа…

— Кажы шчыра! — адчыняе дзверы Бекхэм.

— Я так і раблю!

— Без хлусні.

— Я і так шчырая!

— На якой машыне цябе ў школу вазілі?

— Мой бацька…

— Проста адкажы.

— Мой бацька…

— Што гэта была за машына?

— Тут проста не адкажаш…

— На якой машыне бацька вазіў цябе ў школу?

— Калі як…

— Не!

— Добра, у 80-я ў бацькі быў Rolls-Royce, — здалася Вікторыя.

— Дзякуй, — адказаў задаволены Бекхэм і знік. Жонка жа такім «допытам» відавочна была незадаволеная.

Дэвід і Вікторыя ажаніліся 24 гады таму. У шлюбе ў іх нарадзілася чацвёра дзяцей: сыны Бруклін, Рамэа, Круз і дачка Харпер. Сярэдні сын Бекхэма — Рамэа — таксама стаў футбалістам. Цяпер ён выступае ў другой камадзе «Брэнтфарда» на пазіцыі форварда.

Чытайце таксама:

Жазэ Маўрынью вызначыўся са сваім будучым месцам працы

Форвард «Барселоны» пайшоў у прыбіральню падчас матча Лігі чэмпіёнаў і не вярнуўся на поле. Прыйшлося рабіць замену

Чэмпіянат свету па футболе 2030 года ўпершыню пройдзе на трох кантынентах

Nashaniva.com