«На шэзлонгу можна пакінуць сумку — ніхто не кране». Беларускі расказалі, чаму ім падабаецца адпачынак і жыццё ў Албаніі

Беларусы ўсё часцей сталі выбіраць для адпачынку Албанію з яе двума морамі — Адрыятычным і Іанічным, балканскімі Альпамі і шматлікімі замкамі. CityDog.io даведаўся ў тых, хто нядаўна там пабываў, чым яшчэ гэтая краіна можа прыцягнуць турыстаў.

07.10.2023 / 19:24

 

Пляж у Албаніі

Алена: «Албанія — гэта краіна, дзе я не адчуваю сябе турысткай»

Апошні раз я была ў Албаніі ў пачатку чэрвеня гэтага года — на курорце Голем, які знаходзіцца непадалёк ад партовага горада Дурэс. Голем — гэта лакацыя на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора, дзе сканцэнтраваныя гатэлі ад трох да пяці зорак і розныя па цэнавай катэгорыі апартаменты.

Гэты пасёлак добры для турыста тым, што знаходзіцца за гадзіну язды ад аэрапорта Тыраны і з'яўляецца самым блізкім да сталіцы буйным курортам. Там у тым ліку любяць адпачываць сем'і з маленькімі дзецьмі: пясчаны пляж, спадзісты ўваход у мора, хуткі трансфер з аэрапорта і назад.

Беларуска Алена ў Албаніі

Наогул я была ў Албаніі ўжо пяць разоў — і гэта адпачынак, якому я аддаю перавагу, паколькі ўжо з першай паездкі зразумела, што адпачынак тут становіцца канкрэтна для мяне тэрапеўтычным і прыносіць карысць душы і целу.

Гэта краіна двух мораў, з якіх Іанічнае цвёрда займае першае месца ў маім персанальным спісе любімых мораў: глыбокае, празрыстае і ўсіх адценняў сіняга і бірузовага.

Як дабрацца: «Апошнія пару гадоў з Беларусі чартараў у Албанію няма»

Віза ў Албанію для беларусаў не патрэбная, прынамсі пакуль. Раней я купляла ў турагенцтве ў Мінску тур — і ляцела на чартары па пуцёўцы ў «тры зоркі», пазначаючы, што для мяне самае галоўнае не сам нумар, а каб быў від на мора з балкона, і што патрэбныя толькі сняданкі. Такая опцыя — бюджэтныя гатэлі або апартаменты са сняданкамі — былі самымі хадавымі ў той час у Беларусі.

Апошнія пару гадоў з Беларусі чартараў у Албанію няма: у турагенцтваў па зразумелых прычынах гэты кірунак закрыты. Таму калі беларус, які жыве ў Беларусі, захоча паляцець на адпачынак у Албанію праз Еўропу (магчыма, можна праз Турцыю ці яшчэ нейкія краіны, але тут я не кампетэнтная), то яму патрэбен шэнген. Віза ў саму Албанію, паўтаруся, не патрэбная.

Пасля гэтага — два варыянты: альбо ў Літве, Польшчы ці іншай краіне купіць тур, які, хутчэй за ўсё, будзе толькі ў Голем у гатэлі 4-5 зорак на «ўсё ўключана», альбо дабірацца самастойна на любы іншы курорт.

Мора ў Албаніі

Від на мора ў Албаніі

Марскі бераг у Албаніі

Мора, горы і пляж у Албаніі

Голем ад аэрапорта Тыраны — каля гадзіны язды на аўтобусе ці маршрутцы, Влера — 2,5, Саранда — каля шасці гадзін, у тым ліку праз серпанцін. Я, напрыклад, пазамінулым летам дабіралася да сваёй улюбёнай Саранды — гэта самы паўднёвы курорт — з іншага боку: праз Корфу. Гэты грэчаскі востраў, дарэчы, знаходзіцца акурат насупраць Саранды і з'яўляецца часткай панарамы гэтага курорта.

Купіла квіткі на лаўкостар Вільня — Корфу, з аэрапорта Корфу на прамым аўтобусе (ходзяць вельмі часта) за паўгадзіны даехала да марскога порта. Адтуль праз пару гадзін на турыстычным караблі адправілася ў Саранду (трансфер па моры займае каля дзвюх гадзін).

Чым цікавая Албанія: «Гэта адпачынак не пра архітэктуру і славутасці, а пра прыроду і заглыбленне ў самабытнасць»

Албанія — гэта краіна, дзе я не адчуваю сябе турысткай. Ты быццам становішся часткай мясцовага жыцця, хутка зліваешся з мясцовасцю. Рэч у тым, што мясцовыя таксама ядуць у тых жа кавярнях і рэстаранах, тут жа танчаць і спяваюць па вечарах у корчмах, любяць выходзіць сем'ямі або з сябрамі на праменад, вялізнымі кампаніямі прыязджаюць на тыя ж пляжы і закупляюцца ў тых жа крамах або на рынках.

Гэта краіна двух мораў, і абодва па-свойму выдатныя. Голем — Адрыятыка. Влера — курорт двух мораў: у першай частцы горада можна жыць на адрыятычным узбярэжжы, а пасяліўшыся далей, у другой, — на іанічным. Саранда — Іоніка. У цэлым гэта адпачынак не пра архітэктуру, славутасці і суперзабавы, а пра клімат, прыроду, заглыбленне ў самабытнасць.

Гэта краіна чыстай і здаровай ежы. Там не выкарыстоўваюць шкодных хімікатаў у харчовай вытворчасці. Мяса, гародніна, морапрадукты, рыба — усё свежае, экалагічнае. І часцей за ўсё — на грылі і вялізнымі порцыямі.

Тут бяспечна. Не страшна. Не прыстаюць. Мясцовыя фрэндлі, але трымаюць дыстанцыю, не парушаюць асабістай прасторы. На шэзлонгу можна пакінуць сумку, тэлефон — ніхто не кране.

Яркі балкон у адным з дамоў у Албаніі

А вось мае рэкамендацыі, што абавязкова варта паглядзець у Албаніі:

Што па цэнах: «Вячэра з віном абыдзецца прыкладна ў 12-15 еўра на чалавека»

У 4-5-зоркавых гатэлях вельмі шырокі выбар ежы: і розныя віды мяса, і рыба, і морапрадукты, і мноства гародніны ды сезоннай садавіны, смачнае хатняе віно. То бок, калі бюджэт абмежаваны, то вы можаце не траціцца ні на што.

Калі ж вы «ў вольным плаванні», то смакуйце мясцовую кухню ў розных рэстаранах і корчмах — атрымлівайце асалоду. Завітвайце на другую-трэцюю лінію, дзе часта месцяцца рэстараны, у якія ходзяць самі мясцовыя.

У Сарандзе смела замаўляйце пасту з морапрадуктамі і ў пляжных рэстаранах — яна там цудоўная. Вячэра з віном абыдзецца прыкладна ў 12-15 еўра на чалавека (можна значна танней).

Вулічнае меню ў адным з рэстаранаў Албаніі

У высокі сезон — ліпень-жнівень — цэны на апартаменты ўзлятаюць. Але, у прынцыпе, яны мала адрозніваюцца ад кошту пасутачнага жыцця ў іншых еўрапейскіх краінах у гэты перыяд.

Да прыкладу, пазамінулым летам у ліпені я плаціла 55 еўра ў суткі за пражыванне ў прасторнай двухпакаёвай кватэры з тэрасай (від на мора праглядаўся, да пляжа — пяць хвілін).

У прынцыпе, калі жыллё аплачана, то на жыццё трэба не так ужо і шмат. Траціцца даводзіцца на папіць-паесці і, калі гэта неабходна, шэзлонгі, транспарт і экскурсіі.

Чагосьці асаблівага з сувеніраў, на мой погляд, там купляць няма чаго; калі чымсьці і закупляюцца, то аліўкавым алеем і іншымі экалагічнымі дарамі прыроды.

Некалькі лайфхакаў, калі сабраліся ў Албанію

З канца мая па канец верасня ў Албаніі горача. Таму будзьце гатовыя, што ў ліпені-жніўні вы трапляеце ў вельмі гарачае надвор'е. Жнівень — месяц, калі колькасць тых, хто адпачывае (мясцовых і турыстаў), зашкальвае, так што асабліва па вечарах на праменадзе будзе вельмі густа.

Найлепшы час для адпачынку — канец траўня — пачатак чэрвеня і верасень. Калі вы не любіце шум дапазна, то сяліцеся далей ад цэнтральнай набярэжнай, паколькі там усе шпацыруюць да паўночы: у адных установах — электронная музыка, у іншых — жывая.

Бярыце еўра. Іх можна не мяняць на месцы, а разлічвацца імі ўсюды. У любой установе або супермаркеце вам дадуць рэшту ў еўра або леках (1 еўра — гэта прыкладна 100 лекаў) па адэкватным курсе.

Хельга: «Кошт жылля пры гадавой арэндзе атрымліваецца нават больш нізкі, чым у Мінску»

Мы сям'ёй пасля 2020 года нечакана вырашылі здзейсніць сваю мару і з'ехаць жыць да мора. Таму выбіралі краіну з добрым кліматам, морам, лаяльным падаткаабкладаннем і недалёка ад роднага Мінска.

Яшчэ адным са станоўчых фактараў для таго, каб спыніцца менавіта на гэтым кірунку, была магчымасць лёгка атрымаць ДНЖ.

Цяпер тут ёсць некалькі асабліва папулярных праграм: па нерухомасці, па намадзе і па бізнэсе. Кожная з іх прадугледжвае свой пакет дакументаў і некаторыя абавязковыя ўмовы. Але працэс атрымання ДНЖ не вельмі хуткі і займае дзесьці ад 3 да 6 месяцаў.

У Албаніі мы жывём ужо трэці год у самым буйным прыбярэжным горадзе Дурэс, які знаходзіцца за 30 кіламетраў ад сталіцы Тыраны. Як толькі прыехалі, адразу запусцілі некалькі кірункаў бізнэсу: нешта не спрацавала, а нешта пайшло і адкрыла дадатковыя нішы і магчымасці.

Сёння ў нас адно з найбуйнейшых рускамоўных агенцтваў нерухомасці ў Албаніі, я спрабую аднавіць сваю кар'еру мадэлі, а наша з мужам дзіця вучыцца ў школе на албанскай мове.

Беларуска Хельга з мужам і сынам у Албаніі

Від на пляж і мора ў Албаніі

Яркі пейзаж Албаніі

Скульптура ў моры ў Албаніі

Дзе пабываць і што паглядзець: «Паўднёвыя курорты называюць еўрапейскімі Мальдывамі за беласнежныя пяскі і бірузовую ваду»

Падабаецца, што Албанія знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці да Заходняй Еўропы і мае добрае транспартнае злучэнне з іншымі краінамі: танныя пералёты на самалётах і паромы. Тут вельмі прыгожая прырода: два моры — Адрыятычнае і Іанічнае, горы, вадаспады, рэкі, шмат гістарычных славутасцяў, замкаў і гарадоў, якія ўваходзяць у спадчыну ЮНЕСКА. Паўднёвыя курорты называюць еўрапейскімі Мальдывамі за беласнежныя пяскі і бірузовую празрыстую ваду.

Яшчэ ў Албаніі вельмі развітае фермерства, таму ўсюды можна знайсці добрыя натуральныя прадукты, а гародніна і садавіна наогул ёсць круглы год дзякуючы цёпламу клімату. Вядома, ёсць і свае нюансы, напрыклад са смеццем і недабудаванымі аб'ектамі, але тут сітуацыя з кожным годам паляпшаецца.

Спуск з гары да мора ў Албаніі

Гарадскі рынак у Албаніі

Набярэжная ў Албаніі, мост і турысты

Калі вы падарожнічаеце, то я б рэкамендавала ўзяць машыну напракат і будаваць свой маршрут самастойна. Абавязкова варта з'ездзіць у Берат — горад тысячы вокнаў, якія глядзяць на горную раку і прыгожы падвесны мост.

Вось яшчэ некалькі месцаў, якія можна ўключыць у маршрут:

З ежы, вядома ж, у першую чаргу варта пакаштаваць морапрадукты. Іх тут падаюць як сырымі, вымачанымі ў спецыяльным лімонным соусе, так і на грылі, у фрыцюры і ў мясцовым белым соусе.

Затым абавязкова трэба прадэгуставаць нацыянальныя бурэкі (несалодкая выпечка турэцкага паходжання). І мяса ўсіх гатункаў. Яго ў Албаніі гатуюць па-рознаму: ягня ў кісла-малочным соусе, казіныя рэбры, бараніна, свініна, курыца, запечаныя на грылі.

Рыба з падліўкай на стале

Талерка з гароднінай на фоне мора і пляжу

Морапрадукты ў фрыцюры на стале

Дэсерт пад чырвоным соусам і з кавалачкамі кавуна

Пра цэны: «Каля мора можна зняць нядрэнную кватэру за 400-500 еўра»

Што тычыцца цэнаў, то тут усё адносна. Але, напрыклад, кошт жылля пры гадавой арэндзе атрымліваецца нават больш нізкім, чым у Мінску.

Каля мора можна зняць нядрэнную кватэру за 400-500 еўра: гэта можа быць як «аднапакаёўка», так і «двойка» або «тройка» — усё залежыць ад таго, які рамонт у ёй, наколькі гэта новы дом і як далёка ад мора ён месціцца.

Камунальныя плацяжы ідуць асобна і залежаць ад спажыўцоў, але ў сярэднім гэта 30-60 еўра ў залежнасці ад сезона.

Ружовы дом

Мячэць

Вуліца, жоўта-чырвоны дом і алея ў Албаніі

Чырвона-чорны высокі дом і ровары побач з ім

Сучасныя дамы ў Албаніі

Прадукты, як я ўжо сказала, у Албаніі натуральныя, і цэны на іх прыкладна такія: бульба — 0,7 еўра, персікі — 1,5 еўра, яблыкі — 1 еўра, апельсіны — 1-2 еўра, мяса — 8 еўра, малако — 1,2 еўра, яйкі — 2,4 еўра, куры — 5 еўра.

Аўтобусы гарадскія абыдуцца ў 0,4 еўра, міжгароднія — ад 1,5 еўра і вышэй у залежнасці ад адлегласці.

У цэлым скажу, што Албанія — выдатная краіна з такімі ж выдатнымі жыхарамі. Тут усё робіцца нетаропка і дзеля задавальнення, так што перад наведваннем рэкамендую расслабіцца, пакінуць мітусню і паспех за трапам самалёта і проста атрымліваць задавальненне.

Вольга: «Калі шчыра, гэтая краіна мяне закахала»

У Албаніі я пабыла ўпершыню зусім нядаўна — у другой палове верасня. Спачатку была паездка з Польшчы ў Італію, дзе я спынілася на пару дзён, і адтуль на пароме прыбыла ў Албанію — раніцай 16 верасня я апынулася ў Влеры.

Трэба сказаць, паездку ў Албанію я даўно планавала, вельмі хацела пабываць у гэтай краіне, але ўсё не складвалася: абставіны ўвесь час накіроўвалі мяне па іншых напрамках.

Наогул, віза для беларусаў у Албанію не патрэбная, але для таго, каб даляцець туды па больш прыемнай цане і найкарацейшым шляхам — праз Польшчу (а не Маскву, напрыклад), — візу давядзецца рабіць.

Дарэчы, калі з'язджала, квіткі былі ўжо па 15 еўра, так што, калі спланаваць адпачынак загадзя і не ў сезон, то можна добра ашчадзіць.

Дзяўчына ў ружовай сукенцы на фоне высокай гары

Від на мора і горы ў Албаніі

Мора, пальмы, горы ў Албаніі

Закат над морам і паром

У чым асаблівасць Албаніі: «Лакальныя Мальдывы, запаведнік з фламінга, тэрмальныя крыніцы сярод некранутай прыроды»

Влера мяне скарыла тым, што яна знаходзіцца на ўзбярэжжы Адрыятычнага і Іанічнага мораў. Калі Адрыятыкай асабліва не здзівіш (мораў у сваім жыцці я бачыла досыць шмат падчас падарожжаў, таму і параўнаць ёсць з чым), але вось Іанічнае…

Калі раніцай я рабіла прабежку і ўбачыла гэты бераг, ваду, прыгожую набярэжную, уразілася. Плаваючы ў гэтым моры, адчула нейкую асаблівую вібрацыю, не ведаю, як гэта магчыма; і яшчэ ў тыя дні было вельмі горача (+32℃), а прахалодная вада быццам ажыўляла.

У Албаніі я пабыла нядоўга — усяго 5-6 дзён. Але праваднікамі былі мае сябры Вольга і Віталь Бандарык, якія там жывуць і даволі добра ведаюць краіну, таму паспела пазнаёміцца з мясцовымі, убачыць іх шчырую гасціннасць і ветлівасць у адносінах да гасцей.

Пабывала ў Бераце, які ўключаны ў спіс спадчыны ЮНЕСКА, — бачылі старую частку горада, размешчаную высока ў гарах, месцы, дзе хадзілі апосталы, неверагодны від на раку, размаляваную мячэць, музей абразоў Ануфрыя, адзін з самых старажытных дзейных манастыроў.

Горы і старадаўні храм у Албаніі

Горы ў Албаніі

Лесвіца, стары дом і скульптура

Стары абраз

Дзяўчына, мора і горы

Празрыстая марская вада

Насамрэч у Албаніі вельмі шмат усяго, што варта паглядзець: рэкамендую браць у арэнду машыну і ездзіць па ўсёй краіне. Ёсць і лакальныя Мальдывы, і запаведнік з фламінга, і горы, і рэкі, і тэрмальныя крыніцы сярод некранутай прыроды: Албанія вельмі разнастайная.

Моцна ўражвае і ежа: паколькі ў Албаніі пестыцыды пад забаронай на ўзроўні заканадаўства, усе прадукты — ад яек і аліўкавага алею да мяса — маюць натуральны смак.

Цікава, што ў мясцовых ёсць такая традыцыя: у іх на сняданак ракія і кава. Не ведаю, можа, ёсць нешта яшчэ з ежы, але гэтыя два складнікі абавязковыя. Магчыма, матывуюць гэта тым, што з раніцы выпіў — дзень вольны.

Не магу сказаць, што нешта не спадабалася. Можа быць, у Албаніі не так чыста, як мы прывыклі: ёсць смецце на пляжы, на вуліцах. Але гэта ўсё адно не штосьці немаведама што, усё ў межах разумнага.

Яшчэ невялікі мінус у тым, што не ўсю інфармацыю (напрыклад, расклад аўтобусаў) можна знайсці ў інтэрнэце — яшчэ не такое глыбокае развіццё гэта атрымала.

Але ў цэлым, калі шчыра, краіна мяне закахала, я б хацела больш яе даследаваць, шкада, што гэтым разам у запасе было мала часу.

Чытайце таксама:

«Я накінулася на пакет са спісаным мясам. Мне было праціўна, што здрадзіла сваім прынцыпам». Мінчукі — пра сваё вяртанне да мясаедства пасля вегетарыянства

Проста ваў! Паглядзіце, які вялікі і незвычайны дом пабудаваў сабе беларускі архітэктар (так-так, гэта ў Беларусі!)

Nashaniva.com