У Гродне дэмантавалі вулічныя паказальнікі з лацінкай. На выхадных турыстаў сустракалі пустыя слупы

Хваля барацьбы з лацінкай ідзе па гарадах. 

10.10.2023 / 08:51

Ілюстрацыйны здымак таго, як выглядалі шыльды раней. Фота: скрыншот з «Яндэкс Панарамы»

Актыўнае змаганне з ужываннем лацінкі ў Беларусі пачалося ў жніўні 2022 года. Галоўныя ініцыятары — прарасійская актывістка з Гродна Вольга Бондарава і яе прыхільнікі. Інфаказачка тлумачыла, што змаганнем з лацінкай яна «абараняе краіну ад калабарантаў».

Фота: скрыншот допісу з канала Вольгі Бондаравай, прысвечанага збору подпісаў пад зваротам за прыбіранне лацінкі з беларускіх вуліц

Сёлета ў красавіку была прынята пастанова «Аб перадачы назваў геаграфічных аб’ектаў з беларускай і рускай моў на іншыя мовы». Пасля гэтага лацінка стала знікаць з некаторых прыпынкаў у Мінску, а таксама з шыльдаў у метро. Днямі паказальнікі з лацінкай пачалі знікаць у Гродне.

Турыстаў, якія прыехалі ў горад у мінулыя выхадныя, сустракалі пустыя слупы. Раней на іх месціліся паказальныя знакі з назвамі вуліц і славутасцей. Зверху інфармацыя пісалася на беларускай мове кірыліцай, а ўнізе тое самае дублявалі лацінкай.

Фота: сацыяльныя сеткі

Пустыя слупы можна было ўбачыць у цэнтры Гродна. 

Улады паставілі задачу цалкам прыбраць лацінку з дарожных знакаў і паказальнікаў у Беларусі да канца 2023 года.

Чытайце таксама:

З Гродзенскага сабора зніклі два абразы з навамучанікамі, якія пацярпелі ад бальшавіцкага тэрору — Хрысціянская візія

У мінскім метро беларускую лацінку актыўна мяняюць на расейшчыну

«Зялёная палосачка выглядае шэрым ценем на фоне вялізнага бчб-сэрца». У Бондаравай з'явіўся новы аб'ект нянавісці, як заўжды нечаканы

Nashaniva.com