Азаронак знайшоў свой стыль — гэтае адзенне добра адлюстроўвае сутнасць прапаганды

Рыгор Азаронак выйшаў у эфір у чорнай касаваротцы. Спецыяліст па іміджы Кацярына Гардзеева тлумачыць, чаму на прапагандысце гэты вобраз выглядае арганічна і чаму яму не пасуюць касцюмы.

11.10.2023 / 22:17

Каб стварыць запамінальны імідж, мала купіць моднае адзенне — трэба, каб яно распавядала гісторыю пра чалавека, падкрэслівала моцныя бакі і адводзіла позірк ад таго, што ён жадае схаваць. Бяздумнае фарміраванне гардэробу часта вядзе да адваротнага — няправільна падабраныя рэчы ператвараюць унікальныя асаблівасці асобы ў недахопы. Так адбылося і з Рыгорам Азаронкам: сёння без перабольшання яго можна назваць самым дрэнна апранутым вядучым на праўладным тэлебачанні.

Чаму Рыгору не ідуць касцюмы

Прыгажосць — не эфемернае паняцце. Інстынктыўна людзям падабаюцца вобразы, якія выглядаюць як натуральная і зладжаная сістэма, дзе ўсё гарманічна: голас адпавядае знешнасці, адзенне — характару. Калі нехта спрабуе нацягнуць камплект, які не адпавядае яго культурнаму і эмацыйнаму досведу, у нас з'яўляецца адчуванне падвойнага дна: быццам чалавек надзеў маску і жадае выдаць сябе за кагосці іншага. Гэта палохае і адштурхоўвае. 

Скрыншот відэа СТБ

Дысананс асабістага бэкграўнду і адзення выдатна бачны на прыкладзе Рыгора Азаронка. Прапагандыста нельга папракнуць у інтэлігентнасці. Блытаная гаворка і бедны слоўнікавы запас паказваюць узровень яго адукаванасці, а агрэсіўнасць і няўменне працаваць з інтанацыямі — агульнай культуры. Таму, надзяваючы класічны гарнітур — своеасаблівую ўніформу «работнікаў інтэлектуальнай сферы», — ён ператвараецца не ў тонкага дзелавога чалавека, а ў булгакаўскага Шарыкава. 

Вядоўца спрабуе знайсці свой стыль. Пра гэта сведчаць модныя эксперыменты, якіх у яго было нямала: акрамя класікі, Рыгор насіў і спартовыя лукі, і трэндавы кэжуал, але гэтыя камплекты патрабавалі дапрацоўкі. Многія рэчы былі прыкметна малыя і мелі патрэбу ў падгонцы па фігуры.

Фота: інстаграм Азаронка. Злева — спартовы вобраз, справа — новая касаваротка

Зрэшты, досвед з касавароткай нарэшце аказаўся ўдалым. Кашуля, якая перажыла другое нараджэнне ў часы ранняга СССР, пасуе журналісту як другая скура. Чаму ж гэтая рэч да твару Рыгору?

Калі ідэя супадае з візуальным праяўленнем

У 1930-х гадах былая імперская раскоша канчаткова саступіла месца новай модзе — пралетарскай. Сціплыя касавароткі, брызентавыя штаны і парусінавыя туфлі аказаліся асновай мужчынскага гардэробу.

Моладзь 1930-х

Зрэшты, захапляцца знарочыстай прастатой было не складана: адмова ад НЭПа, чарговы мараторый на вольны гандаль і агульная разруха ў прамысловасці моцна адбіліся на асартыменце, даступным звычайным грамадзянам. А жорны Вялікага тэрору, якія пачалі раскручвацца ў тыя часы, вучылі людзей выстаўляць напаказ галоўнае — адсутнасць буржуазных каранёў. Так, на некаторы час, касаваротка стала рэччу, якая не толькі засцерагала носьбіта ад касых позіркаў таварышаў-бальшавікоў, але і падкрэслівала лаяльнасць да ідэі класавай барацьбы.

Моладзь 1930-х

Відавочна, думка супрацьборства з капіталістычным грамадствам эмацыйна блізкая Азаронку. Таму, у адрозненне ад класічных касцюмаў, касаваротка з'яўляецца выдатнай дэкарацыяй яго «маніфестаў», якія заклікаюць да адмовы ад «мяшчанскіх перажыткаў» і барацьбы з сярэднім класам.

Фота: інстаграм Азаронка

Іміджавая адсылка да 1930-х вельмі дакладная — метады, якімі дзяржава будуе беларускі посткапіталізм сёння, шмат у чым падобныя да тых, якімі карысталіся ў часы ранняга СССР. Вобраз пралетарыя, які выбіўся да рупара, можна назваць тварам сучаснай айчыннай прапаганды.

Чытайце таксама:

Рыгор Азаронак будзе выкладаць у Полацкім дзяржаўным універсітэце

Затрымалі хлопца, які напісаў у твітары «фу, са мной у трэнажорцы Азаронак». Той прыйшоў да затрыманага ў ГУБАЗіК, каб паглуміцца

Палітолаг расказаў, хто і калі спыніць Азаронка і Мукавозчыка

Кацярына Гардзеева