Ізраіль атакаваў дом кіраўніка ваеннага крыла ХАМАС
Арганізатарам і натхняльнікам нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка лічыцца Махамед Дэйф — камандзір баявога крыла арганізацыі.
11.10.2023 / 07:05
Махамед Дэйф. Скрыншот відэа
Армія абароны Ізраіля атакавала дом камандуючага ваенным крылом руху ХАМАС Махамеда Дэйфа, піша Бі-бі-сі.
У выніку нападу ў горадзе Хан-Юніс у сектары Газа маглі загінуць бацька, брат, дзеці і іншыя сваякі баевіка.
Месцазнаходжанне самога Дэйфа невядома; лічыцца, што ён можа хавацца ў лабірынтах тунэляў на тэрыторыі Газы (там, паводле некаторых паведамленняў, знаходзяцца і захопленыя баевікамі ізраільцяне).
Паведамленні аб гібелі Дэйфа і яго сваякоў з'яўляліся і раней. Як піша Reuters, кіраўнік вайсковага крыла ХАМАС перажыў сем замахаў (апошні — у 2021 годзе) і рэдка з'яўляецца на публіцы.
Раней ізраільская армія абвясціла пра нанясенне больш як 70 удараў па цэнтральным раёне Газы, дзе дзейнічаюць баевікі ХАМАС.
У ЦАХАЛ таксама паведамілі пра атаку на будынак, які выкарыстоўваўся групоўкай «Ісламскі джыхад», і абвясцілі пра нейтралізацыю баевікоў на КПП «Эрэз» на мяжы Ізраіля і сектара Газа.
Арганізатарам і натхняльнікам нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка лічыцца Махамед Дэйф — камандзір баявога крыла арганізацыі. Ізраіль палюе на яго з сярэдзіны 1990-х; вядома пра некалькі замахаў на яго.
Чытайце таксама:
На поўдні Ізраіля знайшлі целы забітых ХАМАС 40 дзяцей, некаторыя з іх былі абезгалоўленыя — СМІ
Мы пераходзім у наступ. Газа ніколі не вернецца да таго, што было раней — міністр абароны Ізраіля