Амбасада Беларусі ў Ізраілі — беларусам: самалёты лётаюць, КПП працуюць

Амбасада Рэспублікі Беларусі апублікавала інфармацыю, з якой вынікае, што грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Ізраіля, трэба шукаць самастойна шляхі з краіны. Чакаць дапамогі ад дыпламатаў не варта.

12.10.2023 / 20:34

 

Людзі чакаюць вылету ў аэрапорце Бэн-Гурыён у Тэль-Авіве, Ізраіль, 8 кастрычніка 2023 г. Фота: Turgut Alp Boyraz / Anadolu Agency via Getty Images

«У апошнія дні да нас паступае вялікая колькасць зваротаў беларускіх грамадзян наконт магчымасці выезду ў Рэспубліку Беларусь або іншыя кірункі», — піша амбасада РБ у Ізраілі ў фэйсбуку. 

«Паведамляем, што, паводле наяўнай інфармацыі, ізраільскі міжнародны аэрапорт імя Бэн-Гурыёна працуе практычна ў штатным рэжыме», — абвяшчае амбасада і дае пералік авіякампаніяў, якія робяць рэйсы.

«Білеты на іх варта набываць самастойна, у тым ліку з дапамогай інтэрнэт-сайтаў», — раяць грамадзянам Беларусі дыпламаты.

Таксама беларуская амбасада нагадвае, што «працуюць наземныя пераходы ў напрамку Іарданіі і Егіпта», а інфармацыю аб рабоце КПП «трэба ўдакладняць у ізраільскай пагранічнай службы».

Дзясяткі краінаў арганізавалі вываз сваіх грамадзянаў з Ізраіля. Так, Чэхія і Ісландыя вывезлі сваіх грамадзянаў урадавымі бартамі; Польшча, Венгрыя, Канада, Аўстрыя, Іспанія, Італія, Грэцыя накіравалі ваенна-транспартныя самалёты; Румынія, Нямеччына, Францыя, Нарвегія, Казахстан вывозяць грамадзянаў камерцыйнымі рэйсамі, піша «Свабода».

Пасол Беларусі ў Ізраілі Яўген Варабʼёў паведаміў, што беларуская дыпмісія ў Ізраілі «цесна ўзаемадзейнічае з дыпламатамі Расіі ў пытаннях арганізацыі вывазу беларускіх семʼяў з небяспечных зон». Але пра выпадкі вывазу беларусаў расійскімі бартамі нічога не вядома.

Чытайце таксама:

Трое выхадцаў з Беларусі загінулі ў Ізраілі, яшчэ адзін беларус прапаў без вестак — МЗС

Nashaniva.com