«Яны маглі б паўстаць, змагацца супраць рэжыму». Прэзідэнт Ізраіля заявіў аб адказнасці палесцінцаў у сектары Газа
Прэзідэнт Ізраіля Іцхак Герцаг заявіў, што палесцінцы ў сектары Газа павінны былі змагацца супраць ХАМАС. Аб гэтым ён сказаў на прэс-канферэнцыі 12 кастрычніка, піша «Медуза».
13.10.2023 / 17:56
Прэзідэнт Ізраіля Іцхак Герцаг. Фота: Heinz-Peter Bader / AP Photo
«Гэта рыторыка, што грамадзянскія асобы не ўцягнутыя, няслушная. Гэта абсалютная няпраўда. Яны маглі б паўстаць, яны маглі б змагацца супраць гэтага злавеснага рэжыму, які захапіў Газу ў выніку дзяржаўнага перавароту», — сказаў Герцаг.
Як піша The Times of Israel, адказваючы на пытанне карэспандэнткі CNN аб «калектыўным пакаранні» для мірных жыхароў у сектары Газа за дзеянні ХАМАС, Герцаг адпрэчыў абвінавачванні ў «ваенных злачынствах» і павысіў голас.
«Хіба вы не бачылі [разню на поўдні Ізраіля]? Вы ўсё гэта бачылі. Такім чынам, зараз мы пачынаем з рыторыкі аб ваенных злачынствах. Сапраўды? Праўда?» — сказаў прэзідэнт Ізраіля. Ён дадаў, што Ізраіль «выконвае міжнароднае права, дзейнічае ў адпаведнасці з міжнародным правам».
Пасля гэтага журналіст Channel 4 сказаў, што «збіты з панталыку» адказамі Герцага, бо «ён, відаць, ускладае адказнасць за ХАМАС на жыхароў Газы».
«Пры ўсёй павазе, калі ў вас на вашай чортавай кухні ёсць ракета і вы жадаеце стрэліць ёю ў мяне, ці магу я абараняцца? Такая сітуацыя», — адказаў на гэта прэзідэнт Ізраіля.
Раніцай 7 кастрычніка ХАМАС напаў на Ізраіль. У адказ Ізраіль пачаў наносіць масіраваныя ўдары па сектары Газа.
13 кастрычніка Армія абароны Ізраіля заклікала жыхароў Газы эвакуіравацца на поўдзень сектара, папярэдзіўшы, што ЦАХАЛ мае намер працягнуць аперацыю ў Газе.
У ААН гэты заклік раскрытыкавалі, заявіўшы, што перамяшчэнне 1,1 мільёна жыхароў немагчымае без разбуральных гуманітарных наступстваў.
У сваю чаргу кіраўніцтва ХАМАС заявіла, што жыхары Газы павінны ігнараваць заклік Арміі абароны Ізраіля эвакуіравацца з горада.
Прадстаўнік ізраільскага войска адказаў, што баевікі выкарыстоўваюць мірных жыхароў і падвяргаюць іх небяспецы. The Times of Israel са спасылкай на жыхара Газы адзначала, што ХАМАС проста перашкаджае эвакуацыі мірных жыхароў.