Беларускі інвестар груба адказаў стартаперу праз граматычную памылку. Затое цяпер стартап можа атрымаць шанс

Гэта гісторыя адбылася з Ігарам Маханьком, стваральнікам фонду для стартапаў-мігрантаў GeekVenture. Раней Маханёк працаваў у Google і Facebook, а таксама гуляў у «Што? Дзе? Калі?».

13.10.2023 / 19:58

Да яго звярнуўся чалавек, якога клічуць Гэры. Ён ветліва апісаў свой праект і патлумачыў, чаму ён важны. Але ў ягоным допісе была пара граматычных памылак — да прыкладу, ён напісаў there замест their. У адказ Маханёк напісаў, што яны «не фінансуюць непісьменных заснавальнікаў стартапаў».

Гэры выклаў перапіску ў свой твітар-акаўнт, і яна завірусілася, набраўшы амаль два мільёны праглядаў і пад 600 рэпостаў. «Гэты венчурны інвестар «зацята» дапамагае стартаперам-мігрантам. Іранічна… Можна адмовіць і без скоцтва», — напісаў ён.

Арыгінальны допіс Гэры. Фота: акаўнт @f6ary у твітары (цяпер сацсетка называецца X)

Пасля гэтага Маханёк спачатку апублікаваў у сваім твітар-акаўнце апытанне. Сэнс яго зводзіўся да таго, ці варта ўсур'ёз разглядаць прапановы інвестараў, якія дапускаюць граматычныя памылкі. Каля 80% карыстальнікаў адказалі, што граматыка не так важная.

Арыгінал апытання. Скрыншот акаўнта @mahaniok у твітары (цяпер сацсетка называецца X)

Пасля таго, як пост Гэры стаў вірусным, на Маханька звалілася даволі шмат нянавісці, а ён напісаў выбачальны пост. «З майго боку гэта было груба і занадта. Час ад часу кепская раніца заканчваецца вось так. Прабачце! На дрэнныя паводзіны варта звяртаць увагу, акурат так і адбылося», — напісаў Ігар.

Скрыншот выбачальнага твіта з акаўнта @mahaniok

Але хвалю нянавісці было не спыніць — карыстальнікі прыпомнілі інвестару апытанне, якое ён выклаў за пару гадзінаў да таго. «Спачатку вы падвоілі стаўкі, а пасля зразумелі: «Чорт, грамадскасць не на маім баку, давайце я хутка пераабуюся», — піша адзін з карыстальнікаў. Шмат іншых каментароў вытрыманыя ў такім жа духу, даходзіць і да адкрытых абразаў.

Адзін з каментароў пад выбачальным допісам. Скрыншот з твітара (цяпер сацсетка называецца X)

Некаторыя кажуць, што адказ Ігара быў выключна грубым. А адзін з карыстальнікаў падзяліўся, што за ўсе гады зваротаў у фонды з ім не адбывалася нічога падобнага, і заклікае яго да адказнасці.

Допіс карыстальніка @MatthewGunnin. Скрыншот з твітара (цяпер сацсетка называецца X)

Праўда, частка карыстальнікаў падтрымала Ігара — гэта ў тым ліку і тыя, хто з ім працаваў як з інвестарам. Людзі кажуць, што кожны можа памыліцца і быць грубым. Адзін з карыстальнікаў піша: «Мы прымаем вашы выбачэнні, проста цяпер троху балюча. Дайце троху часу, і дзякуй за тое, што выбачыліся».

Ігар расказаў «Нашай Ніве», што ў выніку разгледзіць магчымасць прафінансаваць стартап Гэры:

«Я выбачаюся перад Гэры і іншымі, каго мой рэзкі адказ зачапіў; я не меў рацыі. Я прапанаваў Гэры паразмаўляць пра ягоны стартап. Наша місія — падтрымліваць імігрантаў, якія будуюць інавацыйныя кампаніі, і мы працягваем інвеставаць у выдатных фаўндараў».

Чытайце таксама:

Супержанчына Актоберфэсту: у сацсетках вірусіцца відэа, дзе афіцыянтка нясе 13 куфляў піва за раз

Google адсочвае месцазнаходжанне ўсіх карыстальнікаў, нават калі яны самі адключылі гэтую функцыю

Шольц, як і хацеў, атрымаў порцыю мемаў праз фота з павязкай

Nashaniva.com