Стаўкі па крэдытах у Беларусі выраслі ўпершыню з пачатку года

У верасні ўпершыню за шмат месяцаў падаражэлі некаторыя віды крэдытаў. Пакуль рост ставак нязначны і закрануў толькі юрыдычных асоб, але да гэтага кошт крэдытных рэсурсаў у краіне стабільна зніжаўся, заўважае Office Life.

14.10.2023 / 12:17

Фота: «Наша Ніва»

Так, сярэднія працэнтныя стаўкі па новых крэдытах для бізнэсу без уліку міжбанкаўскага крэдытавання за верасень выраслі з 7,76 да 7,87%, а па ўсім крэдытным партфелі юрыдычных асоб — з 8,46 да 8,47%.

Калі ўзяць статыстыку, «вычышчаную» ад ільготных запазычанняў, то за месяц стаўкі па новых крэдытах для юрыдычных асоб павялічыліся з 7,94 да 8,07%, а па агульным крэдытным партфелі ў карпаратыўным сегменце не змяніліся (9, 63%).

Цікава, што для фізічных асоб крэдыты працягвалі таннець. Так, паводле новых запазычанняў грамадзян (за выключэннем ільготных), стаўкі знізіліся з 10,25 да 10,07%.

Да гэтага амаль год стаўкі па крэдытах для бізнэсу ў Беларусі зніжаліся ўдвая хутчэй, чым для грамадзян. У 2023 годзе больш за палову новых крэдытаў у краіне прыпадала на прыватны бізнэс.

Nashaniva.com