Ізраіль эвакуюе цэлы горад. Такое адбываецца ўпершыню ў гісторыі дзяржавы
Сдэрот — ізраільскі горад з насельніцтвам каля 30 тысяч чалавек, якія займаюцца пераважна сельскай гаспадаркай. Ён пабудаваны ў пачатку 1950-х гадоў у рамках асваення пустыні і месціцца за некалькі кіламетраў ад паўночнай мяжы сектара Газа.
15.10.2023 / 15:57
Ізраільцяне вязуць свае рэчы падчас эвакуацыі з горада Сдэрот на поўдні Ізраіля, 15 кастрычніка 2023 г. Урад у нядзелю пачаў добраахвотную эвакуацыю з горада, размешчанага недалёка ад мяжы з сектарам Газа, напярэдадні наземнага наступу на тэрыторыі Палесціны. Фота: Ariel Schalit / AP Photo
Намеснік мэра горада Элад Калімі распавёў ў інтэрвʼю Times of Israel, што блізу дзвюх трацін насельніцтва ўжо эвакуяваныя, яшчэ некалькі тысяч пакінуць Сдэрот у хуткім часе, піша ВВС.
З 7 кастрычніка на горад прыйшлося 75 ракетных удараў з боку Газы. Адна з ракет разарвалася ў Сдэроце ў нядзелю.
Беспрэцэдэнтная для Ізраіля эвакуацыя насельніцтва ідзе пры падтрымцы ўрада краіны. Людзей размяшчаюць у гатэлях Тэль-Авіва, Ерусаліма і Эйлата.
Паводле ацэнкі віцэ-мэра, адмовяцца ад эвакуацыі прыкладна 10% жыхароў, гэта значыць, тры тысячы чалавек.
«Ёсць шмат людзей, якія адчуваюць сябе так жа, як я, і якія кажуць, што вы не выцягнеце мяне з майго дома, — кажа адна з такіх жыхарак Аелет Шмуэль. — І плюс да таго, куды мы збіраемся ісці? Я павінна ехаць у Тэль-Авіў? Дык яны [баевікі] таксама туды збіраюцца».