Вадзім Кабанчук прапануе ствараць беларускія вайсковыя фармаванні ў самой Еўропе. Ці будзе такое магчыма?
Адзін з кіраўнікоў штаба Палка Каліноўскага прапануе браць беларусаў на службу ў краінах ЕС, прыводзячы ў прыклад нацыянальныя злучэнні Свабоднай Францыі і Польскага ўрада ў выгнанні часоў мінулай вайны. Кажа, што ахвотных — многія сотні. На думку Вадзіма Кабанчука, новыя фармаванні маглі б уліцца ў польска-украінска-літоўскую брыгаду імя Канстанціна Астрожскага.
16.10.2023 / 20:21
Вадзім Кабанчук. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага
Вадзім Кабанчук — намеснік камандзіра палка Кастуся Каліноўскага, у мінулым — палітычны актывіст і палітвязень.
Ён прапанаваў ідэю, якая магла б стаць вялікай гісторыяй, калі б яе падтрымалі еўрапейцы.
Кабанчук прапануе набіраць беларусаў у польска-украінска-літоўскую міратворчую брыгаду імя Канстанціна Астрожскага. Яна была створаная ў 2014 годзе, але на цяперашні момант не разгорнутая — па словах Кабанчука, там ёсць толькі афіцэры і няма баявога складу. Штаб брыгады базуецца ў Любліне.
Выбар месца базавання сімвалічны: адсылае да Люблінскай уніі, якая аб'яднала Польскае каралеўства і Вялікае Княства Літоўскае.
Кабанчук мяркуе, абапіраючыся на камунікацыю з беларускімі добраахвотнікамі, што ёсць вялікая база для рэкрутынгу беларусаў у гэтую брыгаду.
«Мая ідэя базуецца на філасофіі Балта-чарнаморскага саюза ў супрацьвагу экспансіянізму Расіі, — кажа Кабанчук. — Зноў жа, падчас папярэдняй вайны была «Свабодная Францыя» дэ Голя ў выгнанні і калабарацыянісцкі ўрад Вішы».
Кабанчук бачыць у апошнім структуру, падобную да сённяшняй беларускай адміністрацыі.
«Свабодная Францыя» стварала злучэнні пры падтрымцы саюзнікаў, далучылася да Патсдамскіх пагадненняў», — нагадвае Вадзім Кабанчук.
У Палка Каліноўскага, кажа Кабанчук, шмат заявак ад людзей, якія пражываюць у Еўропе, па розных прычынах не могуць ехаць ва Украіну, але гатовы служыць у краіне свайго пражывання.
«Перадусім гэта Польшча і Літва. Гэта сотні заявак, а таксама асабовыя склады «Харугваў» і «Паспалітага рушэння», якія шукаюць магчымасці рэалізаваць сябе», — кажа Кабанчук.
На яго думку, калі б у людзей з'явілася такая магчымасць, служыць былі б гатовыя сотні, а то і тысячы людзей.
«Разгортванне такіх падраздзяленняў у Еўропе дало б нам магчымасць павялічыць і свае шэрагі ва Украіне, стала б значным крокам у бок стварэння новага, нацыянальнага беларускага войска», — кажа намеснік камандзіра палка Каліноўскага.
Што б гэта дало краінам-удзельніцам? Для чаго гэта патрэбна той жа Польшчы?
«А для чаго польскаму ўраду ў выгнанні былі патрэбны вайсковыя злучэнні? — парыруе Кабанчук. — Калі б палякі сфармавалі частку, ды хоць роту, на тэрыторыі Польшчы, яе можна было б выкарыстоўваць для аховы дзяржаўнай мяжы Еўрасаюза ад мігранцкіх атак. Вядома, пад камандаваннем афіцэраў тых краін. А паколькі брыгада міратворчая, то работа б знайшлася.
А калі разглядаць сцэнар разрастання ўкраінскай вайны на іншыя дзяржавы Еўропы, то, безумоўна, і Беларусь будзе ў ёй задзейнічана, і беларусы будуць у ёй задзейнічаныя, і нацыянальныя фармаванні спатрэбяцца любой краіне, як мінімум, для альтэрнатывы».
Пакуль што гэтая прапанова існуе ў выглядзе ідэі, практычных крокаў не зроблена.
Прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінета, а таксама Офіса Святланы Ціханоўскай не адказалі на запыт «Нашай Нівы» пра стаўленне да такой прапановы.
«Тэарэтычна гэта магчыма, але пра гэта яшчэ не гавораць, яшчэ не цяпер», — сказаў «Нашай Ніве» на ўмове ананімнасці адзін з польскіх урадавых чыноўнікаў.
«У большай ступені нашы дзеянні і сродкі, скіраваныя на Беларусь, будуць залежаць ад таго, наколькі востра паводзіць сябе сама Беларусь», — дадаў ён.
{POLL#1219}