Фермер у ЗША ўстанавіў новы рэкорд пякучасці перцу чылі. Ён фантастычна востры

Новы рэкардсмен валодае пякучасцю ў 2,69 мільёна адзінак шкалы Скавіла. Пякучасць перцу хабанера, які можна купіць у крамах, складае каля 100 тысяч адзінак шкалы Скавіла.

18.10.2023 / 07:49

Фермер Эд Кары трымае свой Pepper X. Фота: Jeffrey Collins / AP

Кніга рэкордаў Гінеса пацвердзіла, што амерыканскі фермер са штата Паўднёвая Караліна Эд Кары здолеў стварыць новы гатунак перцу чылі, які стаў самым пякучым у свеце. Гатунак пад назвай Pepper X («Перац Х») прыкладна на мільён адзінак вастрэйшы, чым уладальнік папярэдняга рэкорду, піша Бі-бі-сі.

Новы рэкардсмен валодае пякучасцю ў 2,69 млн адзінак шкалы Скавіла, а вастрыня гатунку «Каралінскі жнец» (Carolina Reaper), які ўтрымліваў папярэдні рэкорд на працягу 10 гадоў, ацэньвалася ў 1,6 млн адзінак.

Каб зразумець, пра якую менавіта вастрыню ідзе гаворка, дастаткова сказаць, што пякучасць перцу чылі гатунку хабанера, які можна купіць у крамах, складае каля 100 тыс. адзінак шкалы Скавіла.

А пераважная большасць відаў перцу, якія спажываюцца ў ежу ў Беларусі і краінах Еўропы, не перавышае пякучасцю 50 тысяч адзінак.

Прычым Эд Кары вырасціў як новага рэкардсмена, Pepper X, так і гатунак, які заваяваў папярэдні рэкорд.

Як гэта было?

Эд — адзін з усяго пяці чалавек у свеце, якія здолелі з'есці Pepper X цалкам. Вынікі гэтага харчовага эксперымента аказаліся даволі сумнымі.

«У мяне пякло ўнутры тры з паловай гадзіны. А потым пачаліся колікі, — распавёў Кары агенцтву Associated Press. — Колікі былі проста жудасныя. Я прыкладна гадзіну стаяў пад дажджом, распластаўшыся па мармуровай сцяне, і равеў ад болю».

Хоць многія лічаць, што востры смак у перцах чылі ўтрымліваецца ў насенні, насамрэч капсаіцын — хімічнае рэчыва, якое выклікае моцную пякучасць, знаходзіцца ў плацэнце, гэта значыць у валакне, да якога «чапляецца» насенне. Таму адзін з сакрэтаў вастрыні Pepper Х — у яго форме і вялікай колькасці складак, дзе можа расці плацэнта.

Кары кажа, што Pepper X быў выведзены пры дапамозе скрыжавання гатунку «Каралінскі жнец» з іншым перцам, які даслаў яму прыяцель са штата Мічыган і які фермер апісвае як «зверскі востры».

Аўтар новага гатунку кажа, што да апошняга моманту трымаў сваё дасягненне ў сакрэце, каб абараніць аўтарскія правы. «Мы зрабілі гэта ўсёй камандай. Мы разумелі, што дамагліся чагосьці асаблівага, таму пра гэта ведалі толькі мае найбліжэйшыя сваякі і сябры», — распавядае Кары.

А раз папярэднюю распрацоўку фермера, гатунак «Каралінскі жнец», без дазволу выкарыстоўвалі вытворцы каля 10 тыс. розных прадуктаў, то ні насенне, ні расліны новага перцу прадавацца не будуць.

Ахвотныя пакаштаваць самы востры перац у свеце змогуць зрабіць гэта, толькі купіўшы фірмовыя вострыя соусы.

Чытайце таксама:

Крышціяну Раналду ўвайшоў у Кнігу рэкордаў Гінеса за самы высокі даход сярод спартоўцаў

Памерла 104-гадовая жанчына, што на мінулым тыдні скокнула з парашутам з вышыні 4000 метраў

Студэнты разагналі электрамабіль да 100 км/г хутчэй за секунду. Гэта новы сусветны рэкорд

Nashaniva.com