«Адважна выйшлі на перадавую»: як «Патрыёты Беларусі» вучаць школьнікаў любіць краіну
«Патрыёты Беларусі» — гэта грамадскае аб'яднанне, якое афіцыйна распачало сваю працу ў снежні 2020 года. Сваю дзейнасць яно пачынала з арганізацыі праўладных аўтапрабегаў, а цяпер узялося за выхаванне дзяцей.
19.10.2023 / 08:42
Фота: старонка «Патрыётаў Беларусі» ў інстаграме
«У школах не заўсёды ёсць магчымасць паказаць і расказаць болей, чым старонкі падручніка, — пішуць «Патрыёты Беларусі» ў інстаграме. — А выхоўваць патрыётаў краіны толькі праз кнігі — вельмі складана. Як і выхоўваць патрыётаў у адзіночку!»
Ідэалагічнае выхаванне ў Беларусі даўно стала сінонімам слова вайна, таму не дзіўна, што грамадскае аб'яднанне вырашыла чарговы раз прымусіць дзяцей адчуць сябе вайскоўцамі — кажуць, што любоў да краіны так хутчэй з’яўляецца. «Патрыёты Беларусі» сталі праводзіць вайскова-патрыятычны турнір «Выклік». Суарганізатары праекта — Міністэрства абароны, Міністэрства адукацыі і Вайсковая акадэмія.
Яго сутнасць у тым, што школьнікам на тры дні ладзяць «армейскія будні»: апранаюць як салдат, даюць у рукі зброю, вучаць страляць ды кідаць гранаты ў танк, які рухаецца. Для гэтага дзяцей прывозяць на палігон пад Барысавам.
Фота: старонка «Патрыётаў Беларусі» ў інстаграме
«Змянілі школьныя касцюмы на вайсковую форму і адважна выйшлі на перадавую», — бадзёра распавядала ў сваім яшчэ летнім сюжэце журналістка тэлеканала «Беларусь 1» Кацярына Страха. Перад гэтым яна ў кадры несла аўтамат не на тым плячы і какетліва казала камандзіру аддзялення БТР, што яе сумачка важыць менш.
Не ўсе юныя ўдзельнікі былі радыя іспытам. Адна з дзяўчынак, напрыклад, шчыра сказала, што яе пужае паласа перашкод, а асабліва выбухі, якія гучаць зусім блізка. Школьніца адмовілася выходзіць на старт, але яе ў выніку ўсё ж змаглі ўгаварыць не падводзіць каманду.
Фота: старонка «Патрыётаў Беларусі» ў інстаграме
У цяперашнім сезоне «Патрыёты Беларусі» планавалі правесці шэсць адборачных заездаў, тры паўфіналы і адну фінальную сустрэчу. У канцы верасня, напрыклад, у «Выкліку» ўдзельнічалі мінчукі — перамагла каманда Маскоўскага раёна сталіцы «Нашчадкі Перамогі».
Акрамя выпрабаванняў, гэтым разам для дзяцей падрыхтавалі сустрэчу з прапагандыстамі ля вогнішча. Вучыць школьнікаў патрыятызму прыехалі Ксенія Лебедзева і афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Аляксандр Сухадольскі.
Аўтары праекта сцвярджаюць, што «Выклік» дапамагае хлопчыкам і дзяўчаткам «адчуць той узровень адказнасці, які ляжыць на кожным грамадзяніне Рэспублікі Беларусь».
Чытайце таксама:
Замест прыгожых муралаў — «патрыятычныя». Як змяняецца аблічча гарадоў Беларусі
У Оршы павесілі мемарыяльную дошку кіраўніку вайсковага праваслаўнага клуба. Прыжыццёва