Нявестка Лукашэнкі напісала песню па-беларуску. Выканаўцу для яе шукалі праз кастынг

А саму песню выконвалі на патрыятычным форуме.

20.10.2023 / 11:24

Дуэт, які спявае песню на словы Сялук «Сапраўды». Фота: сацсеткі

Ганна Сялук (творчы псеўданім Ганны Сяргееўны Лукашэнка, нявесткі Аляксандра Лукашэнкі) нядаўна напісала новую песню — на гэты раз пра каханне. Пад трэк «Сапраўды» шукалі дуэт. У пару паставілі маладых артыстаў Арцёма Скароля і Леру Бернатовіч.

«Падбіралі дзяўчыну менавіта Арцёму. Праводзілі кастынг, у школе мастацтваў мяне знайшлі», — расказала ў эфіры СТБ Лера.

Песню «Сапраўды» выпусцілі ў чэрвені. За гэты час Лера і Арцём выступілі на многіх канцэртах. У тым ліку на патрыятычным форуме да Дня народнага адзінства ў «Мінск-Арэне». Учора выпусцілі кліп.

Песня — на беларускай мове. Вось як гучыць прыпеў:

Сапраўды
Толькі ты адна,
Адзін толькі ты!
Нашы зоркі на дваіх сапраўды,
Твае вочы
І да неба масты…
Толькі разам подых наш
Сапраўды.

Арцём з Ашмянаў, сёлета скончыў школу. Удзельнічаў у беларускім нацыянальным адборы на дзіцячае «Еўрабачанне» і ў шоу «Голас. Дзеці» ў Расіі ў 2020-м. Ён ужо выконваў песню Сялук — яна называецца «Што ты зрабіў для Радзімы?».

Лера вучыцца на другім курсе Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

Песню гэту выпусціла «Музыкальная медыякампанія», дзе ў якасці аўтаркі і працуе Ганна Сялук. Намесніца дырэктара кампаніі Таццяна Кулакова — сястра Ганны Лукашэнкі. 

Раней нявестка Лукашэнкі напісала песні «Бульбадэнс», «Ах, Аляксандр», «Беларуская жонка», якія актыўна раскручвалі на дзяржаўным ТБ і радыё. Яна ж напісала песні для МУС, МНС, арміі і гімн пракуратуры.

Летась на дзяржаўным конкурсе «Песня года Беларусі» нявестку Лукашэнкі прызналі найлепшай аўтаркай словаў. А найлепшай песняй прызначыла песню на яе словы «За намі праўда».

Чытайце таксама:

Доктар Марыярці беларускай эстрады. Вы не паверыце, хто піша патрыятычныя песні для дзяржТБ і карпаратываў сілавікоў

Гэта песня насмяшыла беларускі інтэрнэт. Але яшчэ цікавей тое, хто яе напісаў

«Не крыўдзіце яго проста без прычыны». Нявестка Лукашэнкі прысвяціла яму новую песню

Усе свае на чале з нявесткай Лукашэнкі. У Беларусі назвалі найлепшую песню 2022 года

Nashaniva.com