Начальнікі Акрэсціна, жодзінскай турмы… Стала вядома, якіх лукашэнкаўскіх сілавікоў абвясцілі ў міжнародны вышук
Раней паведамлялася, што адразу некалькі сілавікоў рэжыму Лукашэнкі, якія падазраюцца ва ўчыненні злачынстваў на тэрыторыі Беларусі ў 2020 годзе, «звязаных з пазбаўленнем волі чалавека, учыненых з асаблівай жорсткасцю», абвешчаныя ў міжнародны вышук. Цяпер кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка назваў іх прозвішчы.
20.10.2023 / 19:16
Прозвішчы і пасады гэтых сілавікоў на момант здзяйснення імі злачынстваў:
- Яўген Шапецька — маёр, начальнік Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама (Акрэсціна);
- Глеб Дрыль — маёр, намеснік начальніка ізалятара часовага ўтрымання ГУУС Мінгарвыканкама (Акрэсціна);
- Дзмітрый Страбкоў — палкоўнік унутранай службы, начальнік папраўчай установы «Турма №8 горада Жодзіна»;
- Яўген Савіч — прапаршчык міліцыі, АМАП ГУУС Мінгарвыканкама;
- Юлія Сакалова — старшы лейтэнант міліцыі, аддзел па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама;
- Карына Валуйская — прапаршчык міліцыі, патрульна-паставая служба міліцыі Фрунзенскага РУУС горада Мінска.
Інфармацыя пра падазраваных, паводле Латушкі, апублікаваная дзяржаўным тэлеканалам Польшчы TVP на падставе звестак пракуратуры Польшчы. У дачыненні да вышэйзгаданых асоб выдадзены еўрапейскі ордэр на арышт.
Гэтыя асобы падазраюцца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных часткай 3 арт. 189 Крымінальнага кодэкса Польшчы — здзяйсненне злачынства, звязанага з пазбаўленнем волі чалавека, здзейсненага з асаблівай жорсткасцю.
Абвяшчэнне ў вышук сілавікоў Лукашэнкі стала вынікам сумеснай працы НАУ, польскага адваката Томаша Вілінскага, прадстаўнікоў кіберпартызан, BYPOL і іншых няўрадавых арганізацый, адзначаецца ў паведамленні.
Чытайце таксама:
Былі міліцыянерамі, а сталі дальнабойшчыкамі ў ЕС
«Сур'ёзны сігнал усёй сілавой сістэме». Сілавікі Лукашэнкі аб’яўлены ў вышук