Піцаёла з Гродна асудзілі на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за заклікі да масавых беспарадкаў
Працэс доўжыўся тры месяцы.
21.10.2023 / 13:20
Сяргей Ботвіч. Фота: сацсеткі
Суд Кастрычніцкага раёна Гродна вынес прысуд піцаёла гарадзенскай піцэрыі Сяргею Ботвічу, абвінаваціўшы яго ў масавых беспарадках паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Уладзімір Пазняк, прадстаўніком абвінавачання быў Краўчук, піша «Вясна».
Судовы працэс пачаўся яшчэ 16 мая і доўжыўся да 25 жніўня. Прысуд стаў вядомы толькі зараз.
Ботвіча затрымалі на пачатку студзеня — тады ў праўладных тэлеграм-каналах паведамлялася, што Сяргей нібыта адміністраваў дваровыя чаты, удзельнічаў у пратэсных мітынгах і заклікаў іншых удзельнічаць у іх, а таксама нібыта прымяняць гвалт у дачыненні да міліцыянтаў, даслоўна, «паліць аўтазакі».
Сяргей у судзе сваю віну прызнаў часткова, а вось прадстаўнік лінгвістычнай экспертызы — дацэнтка кафедры рускай філалогіі мясцовага ўніверсітэта патлумачыла суду, што «пакінутыя ім каментары ў сукупнасці з каментарамі, размешчанымі да і пасля складзеных ім тэкставых паведамленняў, падахвочваюць да новых відаў пратэсту, грубага і жорсткага сілавога іх вырашэння».
Суд прызначыў Ботвічу пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Чытайце таксама:
Палітзняволеная Аксана Аляксеева выйшла на волю
У Брэсце затрымалі караціста, нібыта за здымкі вайсковай тэхнікі
Супраць двух братоў распачалі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі. Адзін з іх буйны бізнэсоўца