Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм'еркай Літвы
Святлана Ціханоўская 23 кастрычніка сустрэлася з прэм'ер-міністаркай Літвы Інгрыдай Шыманіце, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай. Сярод іншага палітыкі абмеркавалі змякчэнне ўмоў легалізацыі для беларусаў у Літве, працяг тэрміну дзеяння дазволаў на жыхарства да трох гадоў і пашырэнне практыкі выдачы пашпартоў іншаземца.
23.10.2023 / 18:11
Інгрыда Шыманіце і Святлана Ціханоўская. Фота: прэс-службы Офіса Ціханоўскай
Акрамя таго, Ціханоўская і прэм’ерка Літвы абмеркавалі недапушчальнасць змякчэння санкцый супраць калійных угнаенняў, а таксама іншых дзяржаўных прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць рэпрэсіўны рэжым дыктатара Лукашэнкі. Ціханоўская адзначыла важнасць закрыцця шчылін у санкцыйным рэжыме і абмежавання транзіту падсанкцыйных тавараў.
У той жа час Святлана Ціханоўская падзякавала Інгрыдзе Шыманіце за неўраўноўванне абмежаванняў супраць беларусаў і расіян, а таксама за рашэнне не закрываць межы для беларусаў. Ціханоўская падкрэсліла важнасць захавання пасажырскага руху. Таксама яна папрасіла Шыманіце падтрымаць Скарынаўскую гімназію і беларускія ініцыятывы ў Літве.
У сваю чаргу, літоўская прэм’ерка выказала падтрымку дэмакратычнай Беларусі і запэўніла, што Літва працягвае і будзе працягваць падтрымліваць Беларусь на міжнароднай арэне. Паводле яе, патрабаванне да рэжыму Лукашэнкі застаецца нязменным: вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных вязняў, правесці свабодныя выбары.
Чытайце таксама:
Дзяржаўныя медыя пачалі разганяць фэйк пра Ціханоўскую, «якая заклікае забіваць палесцінскіх дзяцей»
Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Кішынёве з прэзідэнтам Малдовы