Андрэй Дзмітрыеў у калоніі вучыцца пісаць левай рукой і вучыць іспанскую мову

Экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў піша з калоніі: «Муракамі, Фрэйд і П’юза з «Хросным бацькам» сталі тут маёй кампаніяй».

24.10.2023 / 15:00

Андрэй Дзмітрыеў у судзе. Фота: БелТА

Андрэй Дзмітрыеў — адзіны з пяці кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2020 года, які цяпер знаходзіцца за кратамі.

Тэрмін у паўтара года зняволення былы кіраўнік грамадкай кампаніі «Гавары праўду» адбывае ў наваполацкай калоніі, вядомай тым, што там трымаюць былога старшыню «Белгазпрамбанка», таксама ўдзельніка выбараў 2020 году Віктара Бабарыку, і актывістаў апазіцыі. Пра Андрэя Дзмітрыева расказаў былы калега палітыка, які лічыць сябе «дастаткова абазнаным» у ягоных справах.

«Агульная сітуацыя ў яго такая: прайшоў праз рознае, але цяпер справы наладжваюцца. Ён прызвычаіўся, да яго прызвычаіліся. Працуе на вытворчасці па здабычы каляровых металаў з кабеляў — ачышчаюць старыя правады ад ізаляцыі.

Наколькі ведаю, гэтым шмат у якіх калоніях займаюцца, вось і яму такая праца дасталася. Праца нялёгкая, але ён чалавек працавіты, карпатлівы, засвоіў і гэтую. План выконвае», — расказала Радыё Свабода крыніца.

Паводле былога калегі Андрэя Дзмітрыева, той пры дапамозе рэгулярных фізічных практыкаванняў падтрымлівае добрую фізічную форму, у вольны час шмат чытае і займаецца самаўдасканаленнем.

«Схуднеў, але адчувае сябе нармальна, на здароўе не скардзіцца. Падцягваецца на турніку, адціскаецца, займаецца гімнастыкай. У вольны час шмат чытае, вучыцца. Там добрая бібліятэка, дык ён гэта выкарыстоўвае як мага лепей. З беларускіх кніг прачытаў «Мову» Марціновіча і кнігі Горвата, шмат чытае замежнай літаратуры, прычым ня толькі мастацкай. Паведаміў паўжартам, што цяпер «Муракамі, Фрэйд і П’юза з «Хросным бацькам» сталі там ягонай кампаній.

Яшчэ ведаем, што Андрэй займаецца самаўдасканаленнем: вучыцца пісаць левай рукой. Навошта яму гэта, невядома, але вось ён такі. Таксама па самавучыцелях вучыцца шахматам і вывучае іспанскую мову.

Карацей, максімальна карысна выкарыстоўвае час, які даводзіцца пражываць за кратамі. Яму выходзіць на волю ў кастрычніку налета. Ягоная каманда мяркуе, што з ім усё будзе добра», — падзяліўся звесткамі пра Андрэя Дзмітрыева ягоны сябра.

Андрэя Дзмітрыева затрымалі ў студзені 2023 году. Палітыка абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых пратэстах, а таксама ў сувязях з Захадам.

У красавіку яго асудзілі на паўтара года калоніі паводле 1 часткі 342 артыкулу Крымінальнага кодэкса («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і пасля марнай спробы абскардзіць прысуд адправілі ў калонію № 3.

У траўні памерла маці Андрэя Дзмітрыева, але на пахаванне палітыка не адпусцілі.

Чытайце таксама:

Андрэя Дзмітрыева перавялі ў калонію «Віцьба»

«Кожную раніцу чытае Біблію на беларускай мове». Як трымаецца ў СІЗА Андрэй Дзмітрыеў

У палітвязня Андрэя Дзмітрыева памерла маці

Nashaniva.com