У Польшчы занепакоіліся працай беларускіх і ўкраінскіх медыкаў. Звязана гэта з працаўладкаваннем падчас пандэміі кавіду
Некалькі спраў у дачыненні да дактароў ужо перададзеныя ў пракуратуру, перадаюць польскія медыя.
24.10.2023 / 21:10
Фота: «Наша Ніва»
Акруговая рада Вялікапольскай медыцынскай палаты заявіла, што ўкраінскія і беларускія дактары падчас сваёй працы ў Польшчы не заўсёды належным чынам выконваюць законы аб прафесійнай дзейнасці.
Як перадае партал Medexpress.pl, гаворка ідзе пра факты самапраўнага карыстання законам аб спрошчаным атрыманні дазволу на працу, які ўводзіўся ў Польшчы падчас пандэміі каранавіруса для прыцягнення асоб з нееўрапейскай медыцынскай адукацыяй.
Гэтая норма дазваляла пераважна кандыдатам з Беларусі і Украіны атрымліваць умоўнае права на працу ў польскіх медустановах, практычна цалкам абыходзячы стандартную працэдуру пацвярджэння дыплома аб адукацыі.
«Дактары і медыцынскія работнікі з такіх краін, як Беларусь і Украіна, працягнулі карыстацца спрошчанай працэдурай і пасля заканчэння пандэміі. Закон недасканалы: ён не патрабуе іспыту на веданне польскай мовы, не вызначае крытэраў мінімальнай прафесійнай кваліфікацыі кандыдатаў і не мае дакладнага рэгулявання паўнамоцтваў гэтых умоўных спецыялістаў.
Усё гэта дагэтуль прыводзіць да шматлікіх парушэнняў заканадаўства. Некалькі спраў ужо перададзена ў мясцовую пракуратуру», — паведаміў партал Medexpress.pl са спасылкай на Вялікапольскую медыцынскую палату.
Там адзначылі, што за апошні час у Вялікапольскім ваяводстве былі адмоўлена 73 прэтэндэнтам у спрошчаным ліцэнзаванні і медыцынскім працаўладкаванні. Самая распаўсюджаная прычына адмовы — гэта недастатковае веданне польскай мовы для працы з пацыентамі і вядзення дакументацыі.
Апроч гэтага, нават тыя, каму было адмоўлена ў наданні спрошчанага права на працу, усё адно аказвалі медыцынскія паслугі і ўладкоўваліся ў мясцовыя бальніцы.
У сувязі з гэтым Вялікапольская медыцынская палата прапануе цалкам адмяніць спрошчаны механізм атрымання права на медыцынскую працу ў Польшчы для іншаземцаў не з краін Еўрасаюза.
Чытайце таксама:
Чаму маглі затрымаць беларусаў, якія прыйшлі атрымліваць польскія візы?