З недабудаванага дома Уцюрына ў Драздах знялі арышт. Той прадае яго за $1,3 мільёна
Былы кіраўнік службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі Андрэй Уцюрын працягвае адбываць 12-гадовы турэмны тэрмін у «Віцьбе». Але з яго 600-метровага катэджа ў Драздах знялі арышт, і дом выстаўлены на продаж. Гэта можа быць намёкам на будучыя змены ў ягоным лёсе.
25.10.2023 / 16:35
Андрэй Уцюрын нарадзіўся ў расійскай Пензе ў сям'і былога кіраўніка вайсковай часці 3214. Вучыўся ў Саратаве, потым у Мінску. Ад пачатку лукашэнкаўскага праўлення служыў у Службе бяспекі прэзідэнта (СБП), быў кіраўніком асабістай аховы Аляксандра Лукашэнкі, а з 2007 да 2014 года — узначальваў СБП.
Быў унесены ў санкцыйны спіс ЕС пасля выбараў 2010-га.
З 2014-га быў пераведзены ў сакратарыят Рады бяспекі, намеснікам дзяржсакратара. Але на генеральскай пасадзе не атрымаў прамоцыі і заставаўся палкоўнікам да моманту свайго арышту ў 2019-м.
Уцюрына затрымалі за карупцыю на дзяржзакупках: той аддаў загад міністру сувязі і кіраўніку «Белтэлекама» падпісаць кантракт з расійскім дзялком, які паабяцаў Уцюрыну траціну ад прыбытку.
Андрэй Уцюрын у зеніце сваёй кар'еры. Скрыншот з vsr.mil.by
Камітэт дзяржаўнай бяспекі затрымаў яго пасля атрымання хабару 148 тысяч даляраў. Гэта здарылася ў перыяд пагаршэння адносін Беларусі з Расіяй, і некаторыя задаваліся пытаннем, ці з'яўляецца справа чыста крымінальнай, ці не ёсць яна адказам на нефармальныя кантакты Уцюрына з расійскімі дыпламатамі і разведчыкамі. Ніякімі фактамі, аднак, такую версію журналісты падмацаваць не змаглі.
Летам 2020-га былога палкоўніка судзілі, далі 12 гадоў калоніі і адабралі званне.
Андрэй Уцюрын у клетцы на судзе. Фота: Наша Ніва
Суразмоўцы «Нашай Нівы» ў Мінску расказалі, што яны звязваюць карупцыйную трагедыю Уцюрына з жаданнем палепшыць узровень жыцця. Асабліва на фоне таго, што многія меншыя за яго па рангу ўжо паспелі арганізаваць побыт не толькі сабе, але і дзецям.
У выніку ў тым самым катэджы ў Драздах, на будаўніцтва якога Уцюрыну і патрэбны былі грошы, палкоўнік пажыць не паспеў. Нават не дабудаваў. І, відаць, дабудоўваць будзе ўжо не ён.
Фота: realt.by
З арыштаванага ў 2019-м дома і ўчастка зняты арышт, і дом з лютага гэтага года выстаўлены на продаж.
Цана — 4,16 мільёна беларускіх рублёў, або 1,3 мільёна даляраў.
Фота: realt.by
Уцюрын будаваў сабе дом на 590 квадратных метраў агульнай плошчы, жылой — 257.
У доме запланаваныя пакоі адпачынку, спартовая зала, пральня, памяшканне для саўны, камора, кухня, сталовая, гасцявы пакой, гардэробная, веранда, гараж на два аўто, кацельня, два санвузлы.
Фота: realt.by
Дом знаходзіцца на вуліцы Вербная, 24. Тое, што гэта менавіта дом Уцюрына, «Нашай Ніве» пацвердзіў таксама «Белпол».
У калоніі з Уцюрыным перасякаўся гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка. Ён так апісваў побыт былога начальніка аховы Лукашэнкі:
«Ён не размаўляе ні з кім са зняволеных, стварыў вакол сябе вакуум. Займаецца спортам, сам вырашае, каму сказаць слова. Ён думае, што не такі як усе. І вось бывае карціна: атрад стаіць каля сталовай, а начальнік калоніі Уцюрына пакліча — і стаяць хвілін 30 размаўляюць як сябры».
«Уцюрын, сапраўды, ужо засядзеўся. І грошы яму ў «Віцьбе» не вельмі трэба. Таму самае лагічна тут — яму дазволілі прадаць дом з наступным пераводам грошай дзяржаве ў залік пагашэння віны. А там умоўна-датэрміновае і на выхад, на работу ў Расію да сяброў. Такі варыянт можа быць», — падзяліўся з «Нашай Нівай» сваім бачаннем сітуацыі былы высокапастаўлены работнік пракуратуры.
Калі вам важна тое, што робіць «Наша Ніва», то падтрымаць нас можна праз Патрэон па спасылцы ніжэй. Тады мы зможам больш.