«Сама юрыстка, і дзеліцца ведамі з новымі сяброўкамі». Алена Гнаўк у калоніі стараецца не сумаваць
У ранейшай калоніі Алена Гнаўк часта трапляла ў штрафны ізалятар.
25.10.2023 / 14:56
Алена Гнаўк. Фота: Радыё Свабода
Палітзняволеная Алена Гнаўк цяпер адбывае пакаранне ў калоніі № 24 у Рэчыцкім раёне, дзе ўтрымліваюць тых, хто мае больш за адну судзімасць, піша Радыё Свабода.
Алена Гнаўк падчас следства трымала галадоўку, шмат дзён правяла ў карцары і ШІЗА, ад чаго займела праблемы са здароўем. Паводле крыніцы, якая ведае яе становішча, Алена Гнаўк на ўмовы ў новай для сябе калоніі не наракае.
«Перавялі яе ў Рэчыцкі раён, у ПК-24, нядаўна. Бо над ёй быў суд, на якім дадалі дадатковы тэрмін. Таму як асобу, што мае некалькі судзімасцяў, яе перавялі сюды. Ёй там нашмат лепш, чым у Гомелі, дзе яна сядзела раней. Бо яна ў Гомелі не выходзіла з ШЫЗА, а тут да яе адносіны больш-менш нармальныя.
Агулам усё добра, яна там не сумуе. Шмат чытае кніг, піша лісты. Яна ўжо пенсійнага ўзросту, на працу не ходзіць, але шмат цікавіцца юрыдычнай літаратурай, бо сама юрыстка, і дзеліцца ведамі з новымі сяброўкамі.
Ёй дазволеныя тэлефанаванні, а ў Гомелі ўвогуле ўсё было забаронена. Яна па-ранейшаму актыўная, нязломная. Перадае вітанні тым, хто на волі», — расказала пра Алену Гнаўк дасведчаная крыніца.
У 2020 годзе Алена Гнаўк жыла ў Пружанах, адкуль прыязджала на акцыі пратэсту ў Берасце. У 2021 годзе жанчыну асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» ў вядомай справе аб «карагодзе» — акцыі пратэсту супраць фальшавання прэзідэнцкіх выбараў, якая прайшла ў абласным цэнтры 13 верасня і ўпершыню ў Беларусі была разагнаная з выкарыстаннем вадамёта.
Падчас адбыцця «хатняй хіміі» Алену Гнаўк зноў арыштавалі і судзілі паўторна паводле артыкулаў аб паклёпе на Лукашэнку (арт. 367 КК) і дыскрэдытацыі Беларусі (арт. 369-1 КК). Гэта суд убачыў у пастах Алены Гнаўк у сацыяльных сетках, дзе праваабаронца расказала пра складанае становішча ў Беларусі эмігрантаў з Блізкага Усходу.
За свае словы Алена Гнаўк атрымала 3 гады зняволення, адбываць пакаранне яе накіравалі ў жаночую калонію ў Гомелі. Там Алена Гнаўк шмат дзён правяла ў ШЫЗА і ў выніку была асуджаная яшчэ на 1 год калоніі паводле 411 артыкулу КК, за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».
«Са здароўем у яе лепш, бо жыццё стала спакайнейшае», — расказаў пра Алену Гнаўк дасведчаны чалавек.
Беларускія праваабаронцы прызналі Алену Гнаўк палітычнай зняволенай. Усяго 66-гадовай пенсіянерцы давядзецца адседзець за кратамі 4,5 года.
Чытайце таксама:
Палітзняволеную Алену Гнаўк перавялі ў жаночую калонію ў Зарэччы