«Езджу з выступамі па калектывах, а «Круглы стол» згарнуў дзейнасць». Юрый Васкрасенскі расказаў, куды ён падзеўся

Тэлеграм-каналы Васкрасенскага і «Круглага стала дэмакратычных сіл» не аднаўляюцца месяцамі. «Радыё Свабода» даведалася, што здарылася.

26.10.2023 / 10:10

Юрый Васкрасенскі і Чабурашка ў Кіславодску, кастрычнік 2023 года. Фота: сацсеткі Юрыя Васкрасенскага

Ад 13 чэрвеня не абнаўляецца тэлеграм-канал кіраўніка «Круглага стала дэмакратычных сіл» Юрыя Васкрасенскага. Тэлеграм-канал самога КСДС не аднаўляецца яшчэ даўжэй — ад траўня 2022 года. Няма ніякай актыўнасці і на сайце КСДС.

Сам Юры Васкрасенскі стаў радзей з'яўляцца ў дзяржаўных СМІ. На сайце дзяржаўнага агенцтва БелТА апошняя згадка пра яго датаваная 29 траўня 2023 года. Партал газеты «Беларусь сегодня» згадваў Васкрасенскага 4 верасня, цытуючы ягоны выступ на СТБ. Раней Васкрасенскі нашмат часцей фігураваў у медыя.

«Свабода» вырашыла спытаць у дзеяча, з чым звязана ягоная адсутнасць.

Кіраўнік КСДС сказаў, што не дае каментару «Свабодзе» «ў сувязі з прызнаннем экстрэмісцкім рэсурсам», але пагадзіўся патлумачыць асабіста журналісту як грамадзяніну Беларусі.

«Вядзенне канала патрабуе часу і рэсурсу, таму я засяродзіўся на палітычнай асвеце беларусаў праз дзяржаўныя СМІ, давер да якіх апошнім часам моцна вырас. Езджу з выступамі па калектывах, напрыклад выступаў у Крупках нядаўна», — сказаў Васкрасенскі.

Ён кажа, што сапраўды стаў прысутнічаць у дзяржаўных СМІ не так часта, як раней, але па-ранейшаму ў іх згадваецца дастаткова рэгулярна.

«Як мінімум раз на тыдзень выступаю ў жывых эфірах на радыё. Часта выступаю і ў расейскіх СМІ: РБК, «Россия 24», «Соловьев Live». Палітычную дзейнасць замяніў асветніцкай», — кажа Васкрасенскі.

Журналісты пацікавіліся, ці працягвае сваю працу яшчэ так званы «Круглы стол дэмакратычных сіл», бо апошнім часам не было чуваць аб мерапрыемствах пад яго эгідай.

«КСДС сваю дзейнасць фактычна згарнуў у сувязі з выкананнем усіх пастаўленых задач за апошнія тры гады. Юрыдычна КСДС дзейнічае, але пакуль ідзе вайна з усіх бакоў, то час круглых сталоў яшчэ не прыйшоў», — перакананы Васкрасенскі.

Таксама кіраўнік КСДС дадаў, што ў гэты момант ён знаходзіцца ў адпачынку ў расейскім Кіславодску.

***

Юры Васкрасенскі ў мінулым прайшоў праз абедзве камуністычныя партыі Беларусі: ПКБ (апазіцыйную) і КПБ (праўладную). Быў дэпутатам Мінгарсавета. Удзельнічаў у інаўгурацыі Лукашэнкі ў 2010 годзе.

У 2020 годзе стаў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. 12 жніўня быў затрыманы і змешчаны ў СІЗА КДБ. Удзельнічаў у сустрэчы Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА. 11 кастрычніка 2020 года выйшаў на волю. Пачаў актыўна супрацоўнічаць з уладамі. Ён змог зарэгістраваць «Круглы стол дэмакратычных сіл» па адрасе, дзе знаходзіўся офіс Віктара Бабарыкі.

Васкрасенскі складаў спісы палітзняволеных на памілаванне, але амаль ніхто з тых спісаў не апынуўся на волі.

Nashaniva.com