Былы памочнік Лукашэнкі прадае дом у Драздах. Сума ўражвае, інтэр'еры не асабліва
Сціплая загадчыца кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ларыса Корбут прадае дом на вуліцы Рачной у Мінску за тры мільёны даляраў. Нішто сабе зарабляюць дацэнты? Не, яе муж — Мікалай Корбут, былы начальнік Кіраўніцтва спраў Аляксандра Лукашэнкі.
31.10.2023 / 20:12
Мікалай Корбут узбіўся на дом у Драздах падчас працы ў блізкім коле Аляксандра Лукашэнкі
У пачатку эпохі Лукашэнкі Мікалай Корбут узначальваў «Дыпсэрвіс» — службу абслугоўвання дыпламатычных прадстаўніцтваў, потым атрымаў павышэнне ў намеснікі кіраўніка справамі Лукашэнкі, пазней стаў там кіраўніком.
Але пасля быў паніжаны ў галоўныя інспектары па Мінскай вобласці — памочнікі кіраўніка дзяржавы. Пасада памочніка Лукашэнкі — гэта найперш кадравая праца, якая не мае дачынення да фінансаў.
Вярнуцца ва ўладу Корбуту не ўдалося. У 2018-м яго адправілі на пасаду члена Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. Гэта сінекура: працы ніякай, заробкі расійскага памеру — створаная для прывязкі беларускага чынавенства да расійскага. Але і там Корбут надоўга не затрымаўся, апошняя згадка пра яго на сайце гэтай арганізацыі датуецца тым жа 2018 годам.
Мікалай Корбут (злева) падчас працы ў Пастаянным камітэце Саюзнай дзяржавы. Фота: postkomsg.com
Крыніцы расказалі «Нашай Ніве», што Корбут перабраўся жыць у Расію і ўжо не мае патрэбы ў катэджы ў Драздах.
«Каб дом у Драздах меў сэнс, трэба жыць і працаваць у Мінску, круціцца ў Мінску. Калі тут у цябе асаблівых перспектыў няма, ты ўжо глядзіш у бок Расіі, то што табе тыя Дразды», — сказаў наш суразмоўца з апарату Саўміна.
Фота: realt.by
Паводле звестак з баз «Белпола», дом Корбута, запісаны на жонку Ларысу, загадчыцу кафедры эканомікі і кіравання прадпрыемствамі АПК факультэта эканомікі і менеджменту БДЭУ, знаходзіцца па вуліцы Рачной, і супадае з лакацыяй і выглядам дома ў абвестцы.
Двухпавярховы катэдж без архітэктурных вымудраў мае плошчу 437 квадратных метраў, з іх жылых — 130.
Таму, хто захоча аддаць за яго 9,5 мільёна беларускіх рублёў, магчыма, прыйдзецца ўкласціся і ў інтэр'ер, які не кожнаму будзе даспадобы.
Фота: realt.by
Фота: realt.by
Сам дом пабудаваны ў 2005 годзе з газасілікатных блокаў.
У доме ёсць лазня, саўна, невялікі басейн, більярдны пакой. Столі вышэйшыя за тры метры.
Фота: realt.by
Фота: realt.by
У абвестцы асабліва падкрэсліваецца наяўнасць «рэспектабельных суседзяў».
Фота: realt.by
Дом Корбута агенцтва называе «домам мары».
Фота: realt.by
Фота: realt.by
Чытайце таксама:
У Мінску прадаюць колішнюю прыбіральню, пра якую ўжо і забыліся
Названыя найлепшыя архітэктурныя працы Беларусі апошніх гадоў ШМАТ ФОТА
У самым старым драўляным будынку Беларусі з'явіцца музей
У цэнтры Мінска прадаецца закінуты будынак. Каштуе як трохпакаёвая кватэра