Амаль усе затрыманыя на мяжы з Польшчай мігранты маюць свежыя расійскія візы

У новай хвалі мігрантаў, што імкнуцца пераадолець беларуска-польскую мяжу, практычна няма жанчын з дзецьмі.

27.10.2023 / 10:08

«За сітуацыяй сочаць польскія службы. Яны адзначаюць змены ў параўнанні з пачаткам міграцыйнага крызісу. Паблізу мяжы няма мігрантаў, а замежнікі чакаюць у найбліжэйшых гарадах, каб трапіць у Польшчу. Хоць агароджа на мяжы значна паменшыла ціск на польскі ўчастак, спробы нелегальнага пранікнення на тэрыторыю ЕС усё яшчэ робяцца», — расказаў RMF.fm прадстаўнік Галоўнай управы Памежнай службы Польшчы Конрад Швед.

Цяпер амаль усе замежнікі, затрыманыя пасля спробы незаконнага перасячэння польскай мяжы, маюць нядаўна выдадзеныя расійскія візы. Гэта азначае, што асноўным напрамкам, адкуль замежнікі трапляюць у Беларусь, з'яўляецца Расія, — падкрэсліў Конрад Швед.

Гэта звязана з блакаваннем некалькі месяцаў таму часткі прамых авіязносін, у тым ліку з Блізкага Усходу ў Мінск.

Швед таксама звяртае ўвагу на той факт, што ўсё часцей трапляюцца замежнікі з Індыі і Пакістана, калі першапачаткова лідзіравалі жыхары Блізкага Усходу, Афганістана і афрыканскіх краін.

Цікава таксама, што ў новай хвалі нелегальнай міграцыі практычна няма жанчын з дзецьмі.

Паводле звестак Падляскага аддзялення Памежнай службы, у кастрычніку было здзейснена больш за паўтары тысячы спроб незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы. З пачатку года на польска-беларускай мяжы такіх спроб было амаль 22 тысячы.

Нелегальныя мігранты, затрыманыя сёлета польскімі памежнікамі, прыбылі з больш чым 50 краін.

Чытайце таксама:

Латвійская армія павялічыла сваю прысутнасць ля ўсходняй мяжы

На межах Беларусі з Польшчай і Латвіяй загінулі тры мігранты

Польскі памежнік атрымаў траўму нагі праз атаку мігрантаў з беларускага боку

Nashaniva.com