«З дачкой размаўляю па-беларуску, муж-айн — па-японску». Як наладзіць адукацыйны працэс у эміграцыі
Таццяна з 2006 года жыве ў Японіі, спярша ў Токіа, а цяпер у Сапара. У экзатычную краіну бабруйчанка паехала вучыцца па дзяржаўнай стыпендыі, а ў выніку засталася жыць — выйшла замуж за мясцовага хлопца, нарадзіла дачку Міхалінку, піша 1387.by.
27.10.2023 / 19:10
На фота злева — анлайн-калядаванне з беларусамі Японіі, Карэі і Беларусі. Справа — Міхаліна. Фота: асабісты архіў гераіні
Але разынка гэтай сям’і нават не ў яе міжкультурнасці. Рэч у тым, што Таццяна — беларускамоўная, але гадавалася ў русіфікаваным асяродку. А яе абраннік — айн паводле нацыянальнасці. Гэты карэнны на Хакайда народ амаль страціў сваю мову ды ідэнтычнасць праз гвалтоўную япанізацыю. І нягледзячы на такія неспрыяльныя ўмовы, муж і жонка імкнуцца прышчапіць дачушцы абедзве мовы.
— З дачкой ад яе нараджэння я размаўляю па-беларуску, муж — па-японску. А раз у мужа родная мова айнская, то і яна ў нас прысутнічае, але пакуль фрагментарна. Паўнавартасна мы на ёй у сям’і не размаўляем, бо мы ўсе яшчэ не вельмі добра яе ведаем, але мы намагаемся вывучаць і паступова ўводзіць айнскую мову ў наша жыццё, — тлумачыць Таццяна.
— Але, паўтаруся, з Міхалінай я размаўляю толькі па-беларуску — ва ўсіх сітуацыях і выпадках. Яна білінгв, але хацелася б быць трылінгвам — калі мы падцягнем мову айнаў.
Дачцэ амаль восем гадоў, яна наведвае другі клас звычайнай сярэдняй японскай школы, у якую трапіла па такім жа звычайным размеркаванні па месцы жыхарства. А да школы Міхася наведвала самы звычайны дзіцячы сад, які я шукала згодна з прынцыпам — бліжэй да дому, каб было зручна яе туды вадзіць.
Вядома, у Японіі ёсць магчымасць абраць для навучання іншую школу. Напрыклад, тую, што бліжэй да месца працы бацькоў, ці калі паблізу жывуць бабулі-дзядулі, да якіх дзіця будзе прыходзіць пасля заняткаў. Ці такі варыянт: калі хто-небудзь са сваякоў працуе ў школе, да якой вы адносіцеся, і таму не хочаце, каб дзіця там навучалася. Закона такога няма, але гэтак не прынята — калі сваякі навучаюцца і працуюць у адной школе. Хоць я чула, што ёсць выключэнні, напрыклад, калі маці выхоўвае дзіця адна і працуе ў школе, у якой яно навучаецца.
Але ці проста ў Японіі міжкультурнай і шматмоўнай сям’і наогул знайсці школу, у якой дзіця будзе адчуваць сябе камфортна?
— У Японіі ёсць толькі некалькі варыянтаў з выбарам школы, калі казаць пра моўны аспект. Можна ісці ў звычайную, бясплатную агульнаадукацыйную мясцовую школу, дзе навучанне выключна па-японску. Ці ісці ў міжнародную школу, дзе навучанне па-англійску. Але такія школы прыватныя і дарагія.
У Міхасі японская мова даволі добрая, бо яна і дома на ёй размаўляе, і ў школе. Шчыра, я нават не разглядала варыянта міжнароднай школы, бо дачка расце ў Японіі, мае грамадзянства. Магчыма, яна не выглядае як японка, але мае японскае прозвішча ад таты, і японская мова — адна з яе родных моў, то чаму б ёй проста не навучацца, як і ўсім яе аднагодкам?
Не скажу, што я вельмі задаволеная падыходам японцаў да адукацыі ў пачатковай школе, але ён не горшы за беларускі (смяецца). Хацелася б, каб было больш крэатыўнасці, больш свабоды ў дзяцей. Хоць яе і больш, чым у беларускіх школах. Але ўсё адно, хочацца, каб дзеці больш выдумвалі, штосьці вынаходзілі, каб было больш даследчай працы, а не толькі вывучэнне на памяць іерогліфаў і чытанне тэкстаў.
Фактычна ў японскіх школах адукацыя толькі па-японску, за выключэннем прыватных, і я не ведаю дакладна, ці прызнаюць тут іх адукацыю. Напэўна, тыя, што англамоўныя, — так, але іншыя наўрад ці. Таму варыянтаў навучацца па-беларуску ў нас нават і не было.
Ведаю выпадкі, калі дзеткі прыязджаюць з іншых краін, па-японску добра не размаўляюць, але вымушаныя таксама сядзець на занятках разам з японцамі. Адзінае, што ў іх ёсць нейкая падтрымка, дадатковыя заняткі японскай.
Ці іншы варыянт — калі прыходзіць перакладчык і сядзіць побач са школьнікам, каб усё яму патлумачыць. Гэта не вельмі зручна, і гэта ў асноўным робяць валанцёры. То-бок нейкай сталай сістэмы адукацыі для дзяцей, што не размаўляюць па-японску, тут, на жаль, няма.
Добра, што мы з гэтым не сутыкнуліся і што Міхаліна цудоўна размаўляе па-японску. Бо гэта сапраўды праблема, над якой працуе шмат валанцёрскіх і няўрадавых арганізацый. Але менавіта на афіцыйным узроўні гэта не вельмі добра прапрацавана — каб у такіх памочнікаў быў нармальны заробак ці стаж. Усё выключна на валанцёрскіх прынцыпах.
Міхаліна. Справа — падчас айнскага летніка (які таксама арганізоўвае Таццяна) робіць заданні па айнскай мове. Фота: асабісты архіў гераіні
Нядаўна Таццяна выкладала ў інстаграме відэа, дзе Міхаліна чытае па-беларуску, і атрымала шмат кампліментаў. Таксама наша суразмоўніца часам дзеліцца гісторыямі, як бабруйскай бабулі дзяўчынкі даводзіцца падцягваць сваю беларускую мову, каб паразумецца з унучкай. Але як адбываецца гэты адукацыйны працэс?
— Адукацыю па-беларуску мы арганізоўваем самі. Я займаюся з дачкой фактычна з маленства: працуем і над слоўнікавым запасам, і над граматыкай, каб не было памылак, над вымаўленнем. Таксама я сама вучыла яе чытаць і пісаць, — кажа Таццяна. — З гэтай вясны Міхася пачала займацца анлайн у Беларускай школе ў Варшаве, два разы на тыдзень. Дагэтуль мы займаліся ў іншых месцах, але цяпер вырашылі пакінуць толькі гэтую школку.
Мне падабаецца падыход да навучання, як настаўніца з дзеткамі і бацькамі камунікуе — гэтым я цалкам задаволеная, і мы вельмі камфортна там пачуваемся. Таксама для мяне было важна, каб была нейкая суполка аднагодкаў. Каб Міхаліна бачыла, што ёсць розныя беларускія дзеці, якія па-рознаму размаўляюць на сваёй мове — хтосьці лепей, хтосьці горш. І што яны таксама размаўляюць на нейкіх іншых мовах, але стараюцца і вывучаюць сваю. То-бок яна не адна такая.
Па-трэцяе, у мяне не заўсёды стае часу, каб ёй самой прыдумляць заданні, таму што нейкіх адэкватных адукацыйных матэрыялаў на беларускай мове для дзяцей-білінгваў у прынцыпе няма. Я маю на ўвазе не тых дзяцей, што навучаюцца ў беларускіх школах з рускай мовай навучання, а тых, што жывуць па-за межамі Беларусі. І нас вельмі ратуе гэтая школа.
Я з самага пачатку разумела, што адукацыя па-беларуску для Міхаліны — гэта будзе цалкам мая адказнасць, мой час і высілкі. Таму тут нейкіх спадзяванняў на штосьці зусім не было.
Наогул у Японіі вельмі мала беларусаў і яшчэ менш тых, хто адукоўвае сваіх дзяцей па-беларуску. Сем’і, у дзяцей якіх прысутнічае беларуская мова на ўзроўні адукацыі, можна пералічыць на пальцах адной рукі.
Адзначу, што японскай мовай мы дадаткова не займаемся, робім толькі тое, што дае настаўніца. Я выпісваю Міхасі дадатковыя сшыткі з заданнямі штомесяц, якія трошачкі ідуць наперад за школу — і ёй гэта цікавей, чым на занятках. І ўсё, над японскай мовай мы не працуем, і ў прынцыпе настаўніца дачкі не кажа, што ў яе ёсць з гэтым праблемы.
Акрамя беларускай мовы, Таццяна навучае Міхаліну і некалькіх яе сяброў айнскай.
— Я арганізавала заняткі айнскай мовы для дзяцей і бацькоў. Мы збіраемся некалькі разоў на месяц. Там я выступаю ў якасці настаўніцы, вельмі дапамагае тое, што я ўжо фактычна сем гадоў займаюся з Міхалінай. Бо я ў той час перагледзела шмат інфармацыі, як выкладаюць англійскую мову дзеткам, як падыходзяць да выкладання рускай мовы за мяжой. Напрыклад, тут у нас, у Сапара, ёсць суботняя руская школа, я маю там знаёмых, што прафесійна займаюцца выкладаннем дзецям-білінгвам, даволі багата ад іх атрымліваю парад.
Бо навучанне дзетак-білінгваў — гэта цэлая сістэма, цэлая навука. Возьмем, напрыклад, Міхаліну, мова асяроддзя ў якой японская, і тут мусіць быць зусім іншы падыход, чым для дзетак, якія жывуць у Беларусі і хаця б нейкім чынам дзесьці чуюць беларускую мову — ад бабулі, па тэлевізары. Бо яна нейкім чынам усё адно прысутнічае ў іх жыцці, а да таго ж мае падабенства з рускай. Таму такім дзецям лягчэй, чым дзецям, што жывуць, напрыклад, у французскім ці нямецкім асяроддзі.
У мясцовых школах ёсць своеасаблівы бацькоўскі камітэт, які збольшага можа ўплываць на навучальны працэс ці хаця б нешта раіць. Заўсёды ёсць камунікацыя з настаўніцай, і пэўныя ідэі я падкідваю. Напрыклад, больш выдаткоўваць часу на міжкультурныя тэмы. Бо Міхаліна ўсё ж выглядае інакш, імя ў яе незвычайнае, яна трошкі адрозніваецца, а таму бываюць выпадкі, калі яе прымаюць за замежніцу. Таму хочацца, каб у школе было больш адукацыйных момантаў у гэтым плане і ў плане заняткаў ці інфармавання пра айнаў.
Гэты народ у асноўным жыве на Хакайда, але тут пра іх вельмі мала інфармацыі, толькі ў 4-м класе некалькі тэматычных лекцый. Часам і самі настаўнікі пра айнаў мала што ведаюць. І я паціху падкідаю такія ідэі, з якімі настаўніца пагаджаецца. Але ёй, вядома, усё адно трэба раіцца з кіраўніцтвам.
На Хакайда айнская мова, на жаль, не мае ніякага статусу, нават рэгіянальнага. І няма ніводнай школы, дзе навучанне ладзіцца цалкам па-айнску. Ёсць толькі адна пачатковая школа, дзе ёсць выкладанне айнскай мовы, але ўсяго 10 гадзін на навучальны год. Адна лекцыя на месяц! Гэта нічога не дае, гэта заняткі дзеля таго, каб крыху пазнаёміцца з тэмай.
І калі казаць аб правах на адукацыю, то так — мне б хацелася, каб было навучанне на айнскай мове. Вядома, з ёй больш складаная сітуацыя, чым з беларускай, бо яна фактычна ўжо не выкарыстоўваецца на 100 адсоткаў нават у сям’і. Яна прысутнічае фрагментарна. Мала людзей, якія маглі б цэлы дзень карыстацца ёй. А па-за межамі дому гэта ў прынцыпе немагчыма, бо яна вельмі адрозніваецца ад японскай. Японцы яе не разумеюць, і да таго ж шмат айнаў, якія яе таксама не ведаюць.
Можна сказаць, што няма нейкай сістэматычна адладжанай праграмы ці адукацыйных цэнтраў, дзе можна было б вывучаць айнскую мову на добрым узроўні. Каб пасля атрымліваць на ёй адукацыю. Але школы маглі б уводзіць заняткі, хаця б факультатыўна. Таму правы менавіта айнскіх дзяцей тут парушаюцца і вельмі моцна.
Я не ведаю пра спробы стварэння айнскай школы. Але былі спробы стварэння дзіцячага сада, яшчэ ў пачатку 1980-х, у адной вёсцы, дзе больш за 80 адсоткаў жыхароў — айны. І нічога ў іх не атрымалася. Бо для таго, каб быць прызнаным афіцыйна і атрымліваць фінансаванне ад дзяржавы, патрэбна, каб адукацыя была па-японску. На жаль, стварыць прыватны дзіцячы сад, з высокімі цэнамі навучання, магчымасці не было. Таму і сёння нават дашкольнай адукацыі няма, дзе айнская мова хаця б нейкім чынам прысутнічала.
Яшчэ адна праблема ў тым, што айны вельмі раскіданыя па ўсім Хакайда. Ёсць толькі адна вёска, дзе айнаў больш за японцаў. І калі былі думкі, ці можна штосьці такое стварыць у Сапара, хаця б нядзельную школу — усё замыкаецца на раскіданасці айнаў па розных кутках вострава.
Парады бацькам, якія гадуюць малых беларусаў і беларусачак у іншых краінах.
— Я жыву згодна з прынцыпам — што не дае мне дзяржаўная сістэма адукацыі, тое ствараю сама. І гэтыя заняткі айнскай мовы для Міхаліны і яе сяброў, і беларускую адукацыю, якую я таксама спрабую для яе арганізаваць. І дзякуй Богу, што цяпер у нас з’яўляюцца такія ініцыятывы, як беларуская анлайн-школа. І ёсць іншыя розныя ініцыятывы, настаўнікі, школы і курсы, што прапаноўваюць беларускім дзецям адукацыю на роднай мове. Таму мой дэвіз — усё ў нашых руках (смяецца).
Што я магла б параіць іншым беларускім бацькам? Калі цяжка змагацца за нейкую афіцыйную адукацыю, то бярыце ўсё ў свае рукі. Можа будуць нейкія зрухі, калі вы самі праявіце ініцыятыву. І хто-небудзь пойдзе вам насустрач — муніцыпалітэт, грамада і гэтак далей, гледзячы ў якой краіне вы цяпер знаходзіцеся, — адзначае суразмоўніца.