Выкладчыцам і загадчыцы студэнцкага інтэрната далі «хатнюю хімію»
Суд Фрунзенскага раёна Мінска 31 кастрычніка вынес прысуд выкладчыцам Наталлі Сівіцкай, Надзеі Старавойтавай і загадчыцы студэнцкага інтэрната Алене Драбудзька. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе (ч. 1 арт. 342) і падпісцы на «дэструктыўныя» каналы, піша «Вясна».
31.10.2023 / 14:42
Надзея Старавойтава, Наталля Сівіцкая і Алена Драбудзька
Наталля Сівіцкая да затрымання працавала дацэнткай кафедры беларускай і рускай моў БДУФК, яна кандыдат філалагічных навук. У відэа на праўладных каналах яна кажа, што ўдзельнічала ў пратэстах.
Надзея Старавойтава — выкладчыца беларускай мовы, кандыдатка філалагічных навук і дацэнтка кафедры беларускай і рускай моў. Надзею затрымалі 23 ліпеня 2023 года. У пакаянным відэа сiлавiкоў яна кажа, што наведвала мітынгі ў 2020 годзе, падчас якіх выходзіла на дарогу, зарэгістравалася ў плане «Перамога» і была падпісана на «дэструктыўныя» каналы.
Алену Драбудзька затрымалі на пачатку жніўня 2023 года. Яна працавала загадчыцай інтэрната №4 БДЭУ.
Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджалі, што жанчына «падбухторвала студэнтаў да ўдзелу ў парушэнні закона ў 2020 годзе і агітавала супраць улады да гэтага часу». На відэа сiлавiкоў затрыманая кажа, што ўдзельнічала ў адной з мірных акцый пратэсту ў 2020-м годзе.
Справу разглядала суддзя Алена Бушава.
Як стала вядома «Радыё Свабода», выкладчыцы Надзея Старавойтава і Наталля Сівіцкая атрымалі па тры гады абмежавання волі («хатняя хімія»), загадчыца інтэрната Алена Драбудзька — 2,5 года «хатняй хіміі».