БелАЭС абышлася ў 5,36 мільярда даляраў — Мінфін РФ

Раней прадугледжвалася, што пагашэнне беларускім бокам крэдыту пачынаецца праз шэсць месяцаў з даты ўводу ў эксплуатацыю атамнай электрастанцыі, але не пазней за 1 красавіка 2024 года, і ажыццяўляецца 30 роўнымі долямі кожныя 6 месяцаў.

01.11.2023 / 09:43

Беларуская АЭС. Фота: Reform.by

Агульны аб'ём выкарыстання крэдыту на будаўніцтва БелАЭС складзе 5,36 мільярда даляраў, у тым ліку ў 2023 годзе — каля 100 мільёнаў даляраў, гаворыцца ў тлумачальнай запісцы Мінфіна Расіі), піша Reform.by.

Запіска была падрыхтавана ў пачатку года для абгрунтавання змяненняў у Пагадненне паміж урадамі Расіі і Беларусі аб прадастаўленні дзяржаўнага экспартнага крэдыту для будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі ад 25 лістапада 2011 года. Урад РФ 25 лютага 2023 года ўхваліў змены, а ў канцы верасня прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб ратыфікацыі пратакола.

Згодна з абноўленым пагадненнем, «Крэдыт выкарыстоўваецца беларускім бокам у 2011-2023 гадах», а «пагашэнне беларускім бокам крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплуатацыю атамнай электрастанцыі, але не пазней за 1 красавіка 2024 года, і ажыццяўляецца 30 роўнымі долямі кожныя 6 месяцаў». Плацяжы па крэдыце праводзяцца выключна ў расійскіх рублях.

У тлумачальнай запісцы Мінфіна РФ сцвярджалася, што, па інфармацыі дзяржкарпарацыі «Расатам», з лютага 2022 года графік выканання работ па ўводу ў эксплуатацыю блока № 2 БелАЭС «зведаў змены, галоўным чынам, з-за дзеянняў беларускіх субпадрадчыкаў, з прычыны чаго прагнозны тэрмін уводу АЭС у эксплуатацыю пераносіцца на жнівень 2023 года (каля 90% праекта рэалізавана)».

Там жа называецца выніковая сума крэдыту на будаўніцтва БелАЭС — блізу 5,36 млрд даляраў ЗША, у тым ліку ў 2023 годзе — блізу 100 млн даляраў.

«Станам на 15 сакавіка 2023 года выкарыстана сродкаў крэдыту на суму 5,28 млрд даляраў ЗША», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы.

У Мінфіне РФ адзначалі, што беларускі бок звярнуўся з просьбай аб прадаўжэнні перыяду выкарыстання крэдыту да 31 снежня 2023 года і пераносе тэрміну яго пагашэння на адзін год у верасні 2022 года.

Учора Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь запатрабавала ад расійскага боку кампенсацыю за зрушэнне тэрмінаў уводу БелАЭС у эксплуатацыю (тэрміны пераносіліся некалькі разоў, другі энергаблок усё яшчэ не ўведзены ў эксплуатацыю).

Расейскі бок, са слоў Лукашэнкі, прапанаваў кошт на свежае ядзернае паліва на ўзроўні расійскіх коштаў і гарантыйны тэрмін на асноўныя вузлы на пяць гадоў. Пазней «Расатам» патлумачыў зрух тэрмінаў будаўніцтва БелАЭС пандэміяй і замежнапалітычным становішчам і заявіў, што сёння з беларускім бокам нявырашаных пытанняў няма.

Чытайце таксама:

Лукашэнка: Беларусь паставіла перад Расіяй пытанне аб кампенсацыях у сувязі са ссоўваннем тэрмінаў уводу ў эксплуатацыю БелАЭС

«Асноўныя этапы будаўніцтва Беларускай АЭС прыйшліся на няпросты перыяд». «Расатам» выказаўся адносна прэтэнзій Лукашэнкі

Nashaniva.com