У Офісе прэзідэнта Украіны параілі не выносіць сітуацыю на фронце на публіку

«Яны проста ў паніцы ў мяне пытаюцца: «А што дакладваць майму лідару? Мы сапраўды ў тупіку?», — кажа намеснік кіраўніка Офіса Ігар Жоўква.

04.11.2023 / 14:28

Валерый Залужны. Фота: Ukrainian Presidential Press Office via AP

Намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Ігар Жоўква, каментуючы артыкул галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Украіны Валерыя Залужнага ў часопісе The Economist, заявіў, што вайскоўцам не варта выносіць на публіку тое, што адбываецца на фронце. Пра гэта Ігар Жоўква cказаў у эфіры тэлемарафону ў адказ на просьбу пракаментаваць публікацыю Залужнага, піша «Украінская праўда». 

«На месцы вайскоўцаў я б, напэўна, самае меншае, што рабіў бы — гэта б каментаваў для прэсы, для адкрытай публікі тое, што адбываецца на фронце, тое, што можа адбыцца на фронце, нейкія варыянты.

Бо мы ж тады палягчаем працу агрэсару. Я ўпэўнены, што ўсё вельмі ўважліва прачытана, запісана, зроблены высновы. Калі мы так нейкім чынам даможамся поспехаў — магчыма, гэта вельмі глыбокая стратэгічная задума. Але мне вельмі дзіўна», — сказаў Ігар Жоўква.

Таксама ён заявіў, што пасля выхаду згаданага артыкула яму тэлефанаваў «адзін з кіраўнікоў кабінетаў лідараў».

«І яны проста ў паніцы мяне пытаюцца: «А што дакладваць майму лідару? Мы сапраўды ў тупіку?». Мы гэтага эфекту спрабуем дасягнуць гэтым артыкулам?» — абурыўся прадстаўнік ОП.

У інтэрв'ю The Economist Залужны заявіў, у прыватнасці, што сітуацыя на фронце зайшла ў тупік, калі ніводны з бакоў не можа прасоўвацца, бо аднолькава тэхналагічна абсталяваныя. Яму гэта нагадвае падзеі Першай сусветнай.

У Белым доме заявілі, што артыкул галоўнакамандуючага УСУ падкрэслівае, наколькі важна, каб Злучаныя Штаты працягвалі падтрымліваць Украіну падчас захопніцкай вайны, якую вядзе РФ.

Паводле звестак выдання Politico, заявы Залужнага распалілі «партыйныя жарсці» ў амерыканскім Кангрэсе.

У Крамлі таксама пракаментавалі артыкул Залужнага. Там заявілі, што нібыта сітуацыя не зайшла ў тупік, а Расія «паслядоўна працягвае» вайну супраць Украіны.

Чытайце таксама:

Залужны: Вайна зайшла ў тупік. Яна можа зацягнуцца на гады і выматаць украінскую дзяржаву

«Патрэбныя новыя тэхналогіі, каб прарвацца ў такой вайне». Залужны апублікаваў новы праграмны артыкул

Прадстаўнікі ЗША і ЕC абмяркоўваюць з Украінай магчымасць перамоваў з Расіяй — NBC

Nashaniva.com