Жыхара Наваполацка пакаралі арыштам за хэштэг са словамі «Жыве Беларусь»

Справу прадпрымальніка Дзмітрыя Сторажава 27 кастрычніка разбірала суддзя Зінаіда Балаболава. Паводле яе высноваў, навапалачанін праводзіў «несанкцыянаванае пікетаванне», хаця яшчэ да суда ён выдаліў фотаздымак, хэштэг да якога быў заўважаны мясцовымі сілавікамі. Зараз Дзмітрый Сторажаў адбывае 13-суткавы арышт.

04.11.2023 / 15:38

Фота: novopolotsk.gov.by

Пастанова суддзі Зінаіды Балаболавай, якую ў Наваполацку даўно ведаюць як «стаханаўку» ў вынясенні палітычна матываваных прысудаў, апублікаваная ў Банку судовых рашэнняў. Паводле гэтага дакумента, Сторажаў падчас судовага працэсу прызнаў, што ў 2021 годзе апублікаваў на сваёй старонцы ў Instagram фотаздымак з хэштэгам «#жывебеларусь Собрались!» На фотаздымку быў ён з сябрамі, ніякай «апазіцыйнай» атрыбутыкі пры іх не было.

У судзе зачыталі міліцэйскі рапарт ад 26 кастрычніка пра тое, што 20 кастрычніка гэты фотаздымак яшчэ быў на старонцы Сторажава, але праз тры дні ён быў выдалены. Міліцыянты паспелі зрабіць скрыншот «крамолы», і ён стаў галоўным аргументам супраць Сторажава. Суддзя Балаболава зрабіла высновы, што з 17.03.2021 фотаздымак з хэштэгам быў у адкрытым доступе з мэтай прыцягнення ўвагі іншых грамадзян і публічнага выказвання грамадска-палітычных, асабістых і іншых інтарэсаў.

Суд кваліфікаваў дзеянні жыхара Наваполацка паводле арт. 24.23 КаАП («несанкцыянаванае пікетаванне») менавіта з-за факта размяшчэння фотаздымка ў інтэрнэце, хаця на ім не было нічога, апрача выяў некалькіх чалавек. Тое, што словы «Жыве Беларусь» МУС год таму ўключыла ў пералік нацысцкіх сімвалаў і атрыбутаў, у судовай пастанове не згадваецца.

Nashaniva.com