«Іх вызваленнем займаецца ўкраінская дзяржава». Сахашчык распавёў пра лёс добраахвотнікаў, што знаходзяцца ў палоне
Украіна памятае пра беларускіх добраахвотнікаў, якія знаходзяцца ў расійскім палоне, расказаў прадстаўнік кабінета Святланы Ціханоўскай Валер Сахашчык у размове з Еўрарадыё. Ён асабіста неаднаразова звяртаўся да адказных па гэтым пытанні людзей.
05.11.2023 / 11:02
Ян «Тромблі» Дзюрбейка (злева) і Сяргей «Клешч» Дзёгцеў
«І атрымоўваў адказ: гэта вельмі далікатнае пытанне. Беларусы, што знаходзяцца ў палоне, з'яўляліся і з'яўляюцца вайсковаслужбоўцамі Узброеных сіл Украіны. Іх вызваленнем займаецца ўкраінская дзяржава. Раней ці пазней вынік будзе, яны будуць вызваленыя. Але калі — прагназаваць цяжка, бо да гэтай пары і тысячы ўкраінскіх ваенных знаходзяцца ў палоне», — тлумачыць Сахашчык.
Паўплываць на тэрміны вызвалення беларусаў кабінет не мае магчымасці.
Вядома пра як мінімум двух беларускіх добраахвотнікаў, што трапілі ў палон падчас баявых дзеянняў ва Украіне. Гэта Сяргей «Клешч» Дзёгцёў і Ян «Тромблі» Дзюрбейка.