Пасля заканчэння баявых дзеянняў Ізраіль будзе несці адказнасць за бяспеку ў сектары Газа — Нетаньяху
Ізраіль на «нявызначаны перыяд» павінен заняцца забеспячэннем бяспекі ў сектары Газа пасля заканчэння баявых дзеянняў. Такое меркаванне выказаў прэмʼер-міністр краіны Біньямін Нетаньяху ў інтэрвʼю амерыканскаму тэлеканалу ABC News.
07.11.2023 / 10:11
Па словах ізраільскага прэмʼера, кіраваць тэрыторыяй сектара Газа пасля таго, як скончыцца вайна, павінны тыя, «хто не хоча працягваць ісці па шляху ХАМАС».
«Я думаю, што Ізраіль на працягу нявызначанага перыяду будзе несці агульную адказнасць за бяспеку [у Газе], бо мы бачылі, што адбываецца, калі мы гэтага не робім. Калі мы не нясём адказнасць за бяспеку, усё, што мы маем, — гэта ўсплёск тэрору ХАМАС у маштабах, якія мы і ўявіць сабе не маглі», — сказаў Нетаньяху.
Нетаньяху таксама аспрэчыў ідэю спынення агню ў сектары Газа да таго часу, пакуль не будуць вызваленыя ўсе закладнікі, захопленыя ХАМАС.
Пры гэтым, ён дапусціў абвяшчэнне «тактычных паўзаў» — «гадзіна тут, гадзіна там». Прэмʼер адзначыў, што Ізраіль ужо абвяшчаў іх, каб даць магчымасць праехаць гуманітарным грузам або вывесці людзей. На яго думку, усеагульнае спыненне агню перашкодзіць дзеянням Ізраіля па вызваленні закладнікаў.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заяўляў, што рух ХАМАС павінен быць цалкам знішчаны. Але акупацыю Ізраілем сектара Газа ён назваў вялікай памылкай.