Пуцін памілаваў забойцу кемераўскай студэнткі. Той забіваў дзяўчыну тры гадзіны, нанёсшы 111 траўмаў, а адсядзеў менш за год

«Маё дзіця, прабачце, гніе ў зямлі. Я пазбаўленая жыцця. Гэта плявок у мой адрас, у адрас тых маці, у якіх дзяцей сапраўды гэтак жа жорстка забілі», — кажа маці Веры Пехцелевай.

08.11.2023 / 15:39

Вера Пехцелева

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у красавіку гэтага года памілаваў Уладзіслава Канюса — забойцу кемераўскай студэнткі Веры Пехцелевай, піша The Insider.

«Указам прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ад 27.04.2023 У. Канюс памілаваны з вызваленнем 28.04.2023 ад далейшага пакарання і здыманнем судзімасці», — гаворыцца ў дакуменце пракуратуры.

«Гэта значыць, Пуцін проста ўзяў і памілаваў забойцу: Канюс некалькі гадзін забіваў Веру. На юрыдычнай мове — з асаблівай жорсткасцю, на чалавечай — з хворым садызмам. На яе целе 111 траўмаў, перад смерцю ён згвалціў Веру, а затым задушыў шнуром ад праса», — паведаміла праваабаронца Вера Папова.

У чэрвені Папова пісала, што Канюс, мяркуючы з усяго, вызвалены з калоніі і ўдзельнічае ў баявых дзеяннях ва Украіне. Бацькі забітай убачылі ў сацсетках фатаграфію Канюса ў камуфляжнай форме і са зброяй у руках. У верасні праваабаронца паведамляла, што Канюс ужо вярнуўся з фронту і знаходзіцца на волі.

«Маё дзіця, прабачце, гніе ў зямлі. Я пазбаўленая жыцця. Гэта плявок у мой адрас, у адрас тых маці, у якіх [дзяцей] сапраўды гэтак жа жорстка забілі. Нас вельмі шмат па ўсёй краіне, мы не ведаем, што рабіць. Наш таварыш яшчэ, можа, і ваюе, а ў некаторых маці забойцы ўжо на волі, і яны бачаць іх. Як з гэтым жыць?»— распавяла маці дзяўчыны, Аксана Пехцелева.

У ліпені мінулага года суд у Кемераве прысудзіў Канюса да 17 гадоў калоніі за забойства з асаблівай жорсткасцю яго былой дзяўчыны Веры Пехцелевай. Тая прыехала да яго забраць рэчы пасля расставання, і ён некалькі гадзін збіваў яе. Суседзі чулі крыкі з кватэры, яны тэлефанавалі ў паліцыю як мінімум сем разоў. Ім адказвалі, што выклік прыняты і нарад адпраўлены, але за тры з лішнім гадзіны ніхто не прыехаў.

10 ліпеня суд прысудзіў пяцярых супрацоўнікаў мясцовага МУС да тэрмінаў ад 1,5 года да двух гадоў умоўна па справе аб забойстве Пехцелевай.

Nashaniva.com