Мінская студыя анансавала новую відэагульню. Яна выйдзе і па-беларуску

У стратэгічным сімулятары «Hollywood Animal» падзеі будуць разгортвацца ў кінаіндустрыі 1920-х гадоў. Рэліз запланаваны на 2024 год. Вось што на сёння вядома пра гульню і яе распрацоўшчыкаў. 

09.11.2023 / 11:48

Постар гульні

На старонцы гульні на платформе Steam адзначаецца, што ў «Hollywood Animal» нам давядзецца пабываць у шкуры кіраўніка кінастудыі і паставіць на ногі «шматмільярднага монстра», які будзе зносіць усё на сваім шляху блокбастарамі, знятымі па формулах. Але можна стварыць і студыю-буцік, працаваць з авангарднымі рэжысёрамі і заваёўваць фестывалі. Можна пабудаваць фабрыку трэшу, кінуць выклік «добраму густу» і заліць экраны крывёй і сліззю. 

Скрыншот з гульні

Гулец зможа весці нячыстыя гульні, заключаць нечаканыя саюзы, хлусіць і здраджваць, галоўнае — утрымацца на плаву.

Сярод моў інтэрфэйсу і субцітраў гульні заяўлена беларуская мова, што з’яўляецца выключнай рэдкасцю для камерцыйных прадуктаў.

Скрыншот з гульні

Студыя Weappy была заснавана ў Мінску ў 2015 годзе і з’яўляецца рэзідэнтам беларускага Парка высокіх тэхналогій. Разам з замежнымі партнёрамі кампанія стварае відэагульні, якія распаўсюджваюцца па платнай мадэлі для камп'ютараў і сучасных гульнявых кансоляў, такіх як PlayStation 4, Xbox One ды Nintendo Switch.

З моманту заснавання студыя выпусціла дзве гульні: у 2016-м на камп'ютарах выйшла «This Is the Police» (у 2017-м таксама на кансолях), у 2018 годзе яе працяг — «This Is the Police 2», а ў 2019 годзе — пакрокавая ізаметрычная тактыка «Rebel Cops».

Дрэва развіцця. Скрыншот з гульні

У 2021 годзе студыя Weappy атрымала 1,4 мільёна даляраў інвестыцыі на распрацоўку тады яшчэ неанансаванай гульні. Інвестарам выступіла кампанія GEM Capital, якая адзначала, што дзеянне наступных гульняў Weappy будуць адбывацца «па-за межамі паліцэйскага ўчастка», аднак сам падыход распрацоўшчыкаў да стварэння гульняў і развіцця іх сусветаў застанецца ранейшым.

Чытайце таксама:

У што пагуляць у лістападзе. Рэлізы відэагульняў, якія чакаюць нас у гэтым месяцы

Серыял па культавай гульні Fallout выйдзе ў 2024 годзе

У Расіі задумалі айчынную версію відэагульні The Sims 4. Са скрэпамі 

Ф. Раўбіч