Карціну Пабла Пікаса прадалі за 139 мільёнаў даляраў

Абсалютны рэкорд належыць іншай карціне мастака, якую восем гадоў таму прадалі за 179 мільёнаў даляраў.

09.11.2023 / 15:06

Фота: Cedric Ribeiro / Getty Images for Sotheby's

Карціна Пабла Пікаса «Жанчына з гадзіннікам» прададзеная на аўкцыёне Sotheby's за 139 млн даляраў. Гэта другая па кошце праца іспанца з усіх калі-небудзь прададзеных на таргах, піша Бі-бі-сі.

Больш каштавала толькі адна з карцін серыі «Алжырскія жанчыны», прададзеная ў 2015 годзе аўкцыённым домам Christie's за 179,3 мільёна даляраў.

Да пачатку аўкцыёну «Жанчына з гадзіннікам» ацэньвалася ў 120 млн даляраў. Імя пакупніка не называецца.

Больш за 50 гадоў карціна захоўвалася ў ЗША ў калекцыі вядомай знаўцы жывапісу, амерыканскай свецкай ільвіцы Эмілі Фішэр Ландаў.

Яна памерла ў сакавіку гэтага года на 103-м годзе жыцця. Уся яе калекцыя ацэньваецца ў сотні мільёнаў даляраў.

«Залатая муза» майстры

На карціне, створанай у 1932 годзе, намаляваная французская мадэль Мары-Тэрэза Уолтэр, якая ў той перыяд была палюбоўніцай мастака.

Ёй было 17 гадоў, калі яна пазнаёмілася з 45-гадовым Пікаса. Спачатку іх раман трымаўся ў таямніцы, таму што Пікаса ўсё яшчэ быў жанаты на ўкраінскай балярыне Вользе Хахловай.

Уолтэр называюць «залатой музай» мастака. З яе напісаны многія карціны Пікаса, у прыватнасці, «Аголеная, якая ляжыць», прададзеная ў 2022 годзе за 67,5 млн даляраў.

Пабла Пікаса нарадзіўся ў Малазе ў 1881 годзе, вырас у Барселоне, а ў 1904 перабраўся ў Парыж, дзе стаў адным з самых значных мастакоў ХХ стагоддзя.

За сваё жыццё Пікаса стварыў каля 150 тысяч работ, шмат эксперыментуючы са стылямі і тэматыкай, але аддаючы перавагу кубізму.

Ён памёр на поўдні Францыі ў 1973 годзе ва ўзросце 92 гадоў.

Чытайце таксама:

Ці ёсць у віцебскага музея шанцы набыць карціну Марка Шагала?

Дзве карціны Шагала паспяхова прадалі на Sotheby's, а Суцін да таргоў не дайшоў

Памёр малодшы сын Пабла Пікаса — Клод

Nashaniva.com