80-гадовая жанчына ледзь не прадала кватэру для месенджарных аферыстаў. Але рыэлтары своечасова адумаліся
Гісторыя цынічнага падману пачалася з традыцыйнага званка ў месенджары ад невядомага абанента. 80-гадовай жыхарцы Светлагорска патэлефанаваў нібыта палкоўнік з Мінска і ашаламіў непрыемнай навіной: вядомая махлярка выставіла на аўкцыён яе кватэру.
11.11.2023 / 14:39
Суразмоўца прадставіўся Віктарам Мікалаевічам і папрасіў дапамогі ў затрыманні злачынцы. Пасля пераканаўчага спічу законапаслухмяная пенсіянерка пагадзілася паспрыяць, паведамляе СК.
Згодна з планам спецаперацыі, бабулі належыла ўпотай ад усіх звязацца з рыэлтарам, прадаць кватэру і атрымаць далейшыя інструкцыі. «Палкоўнік» усведамляў складанасць задання для старэнькага чалавека і аказваў шчыльнае «суправаджэнне»: часта тэлефанаваў, пакрокава тлумачыў усе дзеянні, патрабаваў дэталёвых справаздач.
Махляр скінуў пенсіянерцы кантакты рыэлтараў. Патрэбныя спецыялісты знайшліся ў суседнім горадзе. Да пацярпелай прыехалі дзве супрацоўніцы агенцтва нерухомасці і распавялі пра нюансы ўгоды. Бабуля сабрала неабходныя дакументы і падпісала з імі дамову.
Пакупнік знайшоўся з другой спробы. Пацярпелая атрымала перадаплату і паведаміла аб поспеху куратару. Той загадаў пасля продажу кватэры часова прапісацца ў Мінскім раёне і прывезці ў сталіцу атрыманыя грошы.
Бабуля зазбіралася ў дарогу. Аднак нечакана яе наведалі рыэлтары і сталі ўгаворваць … скасаваць дамову куплі-продажу.
Агенты западозрылі падвох з боку тэлефонных махляроў і паспрабавалі прадухіліць бяду: пераконвалі, прыводзілі прыклады махлярства з тэматычнага артыкула ў інтэрнэце.
Калі рыэлтары нарэшце сышлі, разгубленая пенсіянерка патэлефанавала «Віктару Мікалаевічу». Ветлівы дагэтуль куратар сеў, як кажуць, на каня.
Ён выкрываў рыэлтараў у падмане, настойваў на завяршэнні спецаперацыі, пагражаў стратай грошай і кватэры. Ашаломленая бабуля кінула слухаўку і патэлефанавала сваякам. Яны адвезлі яе для разбору ў міліцыю.
Пакупніку той кватэры вярнулі задатак, а Светлагорскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу паводле ч. 1 арт.14 ч. 1 арт. 209 (замах на махлярства).
Чытайце таксама:
Добрая зніжка ці махляры? Як не даць сябе падмануць пры набыцці тавараў у Instagram
Махляры прыдумалі яшчэ адзін спосаб інтэрнэт-падману, на які можа трапіцца кожная сям'я