Як забівалі Рамана Бандарэнку. Хроніка падзей
Сёння трэцяя гадавіна смерці абаронца Плошчы Перамен Рамана Бандарэнкі. Мужчыну жорстка збілі сілавікі ў цывільным, завезлі ў міліцыю, адкуль непрытомным яго забрала хуткая. Памёр ён у бальніцы. Пасля смерці яго спрабавалі дыскрэдытаваць.
12.11.2023 / 12:39
Раман Бандарэнка
11 лістапада 2020 года блізу 22 гадзіны невядомыя ў масках прыехалі на Плошчу Перамен (неафіцыйная назва двара ў Мінску на скрыжаванні вуліц Чарвякова, Кахоўскай і Сморгаўскага тракту) з намерам зрэзаць бел-чырвона-белыя стужкі.
31-гадовы жыхар аднаго з дамоў мастак Раман Бандарэнка, пачытаўшы ў чаце, што адбываецца ў двары, выйшаў пагаварыць з невядомымі. Перад выхадам пакінуў запіс: «Я выходжу».
У двары ўжо сабралася грамада жыхароў, якія абураліся дзеяннямі невядомых у масках. Тыя ў адказ накінуліся на людзей. Завязалася бойка.
Былыя сілавікі з «Байпол» пералічылі імёны тых, хто ў той вечар быў у двары на Плошчы Перамен, іх вылічылі па білінгу тэлефонных нумароў.
Паводле звестак былых сілавікоў, гэта Дзмітрый Баскаў, Дзмітрый Шакута, Наталля Эйсмант, Ганна Эйсмант, Павел Воўчак, Жанэта Воўчак.
А таксама іх ахова — супрацоўнікі САХР Сяргей Сарман, Сяргей Анцюфееў, Алег Буйкевіч, Раман Савенка, Яўген Ціманоўскі. І супрацоўнікі АМАП Руслан Куляшоў і Раман Крывашэін.
Паводле відавочцаў, на Бандарэнку напаў адзін з невядомых. Гэта бачна на апублікаваным відэа. Раман ад моцнага штуршка ўдарыўся галавой аб дзіцячую горку і ўпаў, але яго працягвалі збіваць. Пасля за рукі і ногі занеслі ў мікрааўтобус.
Пазней стала вядома, што Бандарэнку схапілі байцы спецыяльнага атрада хуткага рэагавання.
Паводле расследавання аб’яднання былых сілавікоў BYPOL, якое абапіраецца на аўдыязапіс гутаркі топавых чыноўнікаў, камандзір групы АМАПа Руслан Куляшоў паведаміў камандзіру АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрыю Балабе, што кікбаксёр, інструктар часці 3214 Дзмітрый Шакута траўмаваў аднаго з жыхароў двара. Гэта быў Бандарэнка.
У цяжкім стане яго перадалі супрацоўнікам АМАПа. МУС сцвярджала, што ён быў у стане алкагольнага ап’янення, але гэта было няпраўдай.
З Цэнтральнага РУУС Рамана Бандарэнку непрытомнага забрала хуткая дапамога. У яго былі цялесныя пашкоджанні і чэрапна-мазгавая траўма цяжкай ступені.
Дыягнаставанае кровазліццё ў тыя аддзелы мозга, якія адказваюць за жыццёва важныя працэсы арганізма. У бальніцы хуткай дапамогі зробленая трэпанацыя чэрапа.
Паводле медыкаў, характар пашкоджанняў уласцівы, напрыклад, ахвярам аварый, якія атрымалі моцны ўдар па галаве. Або ахвярам пабояў і падзенняў.
Следчы камітэт настойваў, што памерлы быў дастаўлены ў міліцыю пабітым, у стане алкагольнага ап’янення.
У адказ медыкі апублікавалі ў тэлеграм-канале «Белыя халаты» дакумент, які сведчыць, што ў Рамана Бандарэнкі было 0% алкаголю ў крыві.
Памёр Раман Бандарэнка 12 лістапада 2020 году.
13 лістапада Лукашэнка выказаў спачуванні родным Рамана Бандарэнкі і, па яго словах, даручыў генеральнаму пракурору Андрэю Шведу ўзяць пад кантроль расследаванне.
Па смерці Рамана яго цела некалькі дзён не аддавалі родным.
18 лютага 2021 года Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь распачала крымінальную справу па факце наўмыснага прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула смерць па неасцярожнасці.
Паводле ведамства, «датычнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да прычынення Бандарэнкі Рамана Ігаравіча цялесных пашкоджанняў не ўстаноўлена».
20 лістапада Рамана Бандарэнку пахавалі на Паўночных могілках Мінска. Развітацца з ім прыйшлі тысячы людзей. Магіла патанала ў кветках.
Магіла Рамана Бандарэнкі
26 лістапада на сесіі Еўрапарламента адбыліся тэрміновыя дэбаты на тэму «Няспынныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, у прыватнасці забойства Рамана Бандарэнкі», падчас якіх дэпутаты рэзка асудзілі рэпрэсіўныя дзеянні беларускіх уладаў і заклікалі да пашырэння пакета санкцый.
17 верасня 2021 года Генеральная пракуратура прыпыніла справу, бо нібыта не змагла знайсці, каго прыцягнуць да адказнасці.
Крымінальнай справы так і не аднаўлялі, а вінаватыя ў смерці Рамана Бандарэнкі дагэтуль афіцыйна не ўстаноўленыя.
Глядзіце таксама:
«На развітанне мы з сынам абняліся» — маці Рамана Бандарэнкі. ВІДЭА
Яны адышлі ад нас у 2020 годзе
На плошчы Перамен ізноў былі сілавікі. Затрымалі аднаго мужчыну
Азаронак выпусціў «расследаванне» пра смерць Рамана Бандарэнкі. Што з ім не так?