Як цяпер можна перавесці грошы з Беларусі ў Літву і наадварот
Паглядзелі, якія засталіся магчымасці, каб перавесці грошы з Літвы родным у Беларусь ці разлічыцца за нейкі тавар у Літве.
14.11.2023 / 10:25
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
SWIFT
У адрозненне ад Польшчы, літоўскія банкі яшчэ летась спынілі прыём SWIFT-пераводаў ад беларускіх банкаў, таму перавод грошай па нумары рахунку недаступны. Немагчымасць рабіць SWIFT-пераводы ў Літву ў першую чаргу ўскладняе жыццё бізнэсу, які працуе з гэтай краінай. А вось для фізічных асоб гэта не так страшна. Канешне, калі размова ідзе пра пераводы на суму да 1000 еўра.
З карткі на картку праз банк
Перакінуць грошы з карткі на карту па-ранейшаму можна.
Беларусбанк пры пераводзе па нумары карткі спаганяе камісію ў памеры 2,5% ад сумы пераводу.
Альфа-Банк за такую аперацыю бярэ камісію ў 1%, плюс тры рублі. Максімальная сума на адзін перавод — 1000 еўра. Пры пераводзе грошай з Літвы на беларускую картку Альфа-Банк камісію не бярэ.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
У Прыёрбанку камісія за перавод па нумары карткі складае 1,2% ад сумы. Максімальная сума аднаго пераводу разам з камісіяй банка складае 2962 рублі.
Аднак не ўсе банкі гатовыя адпраўляць па нумары карткі грошы ў валюце. Напрыклад, BSB-Банк адпраўляе замежным банкам толькі беларускія рублі, таму разлічыць выдаткі на такі перавод немагчыма, бо невядома, па якім курсе будзе лічыць банк-карэспандэнт.
Таксама варта ўлічваць, што літоўскі банк, які прымае грошы, таксама можа спаганяць камісію.
Paysend і іншыя сэрвісы
Апроч пераводаў праз банкі па нумары карткі, у Беларусі працягвае працаваць сэрвіс Paysend, які дазваляе рабіць міжнародныя грашовыя пераводы на карткі Visa і Mastercard. Перавесці грошы з Літвы ў Беларусь можна, заплаціўшы камісію ў 1,5 еўра. Напрыклад, калі з Літвы вы адправіце 200 еўра, то з улікам камісіі атрымальніку дастанецца 208 даляраў. Але банк карэспандэнт можа здымаць і дадатковую камісію.
Фота: скрыншот з сайта paysend.com
У ідэале грошы будуць пералічаныя за некалькі хвілін, але сэрвіс папярэджвае, што на гэта можа сысці да трох працоўных дзён. Базавы ліміт — 1000 еўра.
Яшчэ адзін сэрвіс, які дазваляе пераводзіць грошы ў межах сістэм Visa і Mastercard, завецца fin.do.
Фота: скрыншот з сайта fin.do, калаж «Наша Ніва»
Сэрвіс абяцае імгненны перавод грошай, але і камісія ў fin.do не такая малая, як у Paysend. Напрыклад, пры пераводзе 200 еўра з Літвы ў Беларусь губляецца 3 еўра, а з Беларусі ў Літву — 6,40 еўра. Ліміты ў fin.do наступныя — да $1500, але не больш за $7000 у месяц.
Таксама адправіць грошы з Літвы ў Беларусь можна з дапамогай сістэмы «Залатая Карона» праз дадатак Korona Pay. Прычым без камісіі. Валюта адпраўкі з Літвы — еўра. У Беларусі можна атрымаць грошы ў далярах ЗША або расійскіх рублях — не толькі на картку, але і наяўнымі ў пунктах выдачы «Залатая Карона». Такія пераводы дасяжныя толькі з Літвы ў Беларусь. У адваротным кірунку сістэма не працуе.
Чытайце таксама:
Як можна перавесці грошы з Беларусі ў Польшчу і наадварот
Карты яшчэ аднаго беларускага банка зноў будуць працаваць за мяжой