Спікерка літоўскага парламента расказала Папу Францішку пра беларускіх палітвязняў

У панядзелак Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі спікерку Сейма Літвы Вікторыю Чміліце-Нільсэн. Яна таксама падарыла пантыфіку факсіміле малюнка святога Язафата Кунцэвіча.

13.11.2023 / 15:19

Фота з фэйсбука Вікторыі Чміліце-Нільсэн

«Падчас аўдыенцыі мы абмеркавалі намаганні па аказанні дапамогі пакутуючаму ўкраінскаму народу і аказанні дапамогі ваенным уцекачам з Украіны. Я падзякавала святому Айцу за яго намаганні па ўсталяванні міру і малітвы, але падкрэсліла, што свет мае быць справядлівым.

Мы таксама размаўлялі пра тое, як Расія здольная выкарыстоўваць кожнае недакладнае або двухсэнсоўнае слова для апраўдання сваёй агрэсіі. І які важны ўплыў аказваюць словы Папы на народы, што імкнуцца да свабоды і абараняюць дэмакратыю, мы адчулі самі, калі імкнуліся да незалежнасці.

Сёння ўкраінцы і палітвязні ў Беларусі маюць вострую патрэбу ў гэтых словах і падтрымцы», — напісала Вікторыя Чміліце-Нільсэн у сваім фэйсбуку.

Палітык наведала выставу пасольства Літвы пры Святым Прастоле ў Рыме з нагоды 400-годдзя пакутніцкай смерці біскупа Язафата Кунцэвіча і ўзяла ўдзел у выставе Св. Язафата і літургіі ў базіліцы святога Пятра.

Вікторыя Чміліце-Нільсэн падарыла пантыфіку факсіміле малюнка Язафата Кунцэвіча, якое захоўваецца ў бібліятэцы Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук.

Чытайце таксама:

У Віцебску адзначылі 400-годдзе мучаніцкай смерці святога Язафата Кунцэвіча і падвялі вынікі літаратурна-мастацкага конкурсу

Nashaniva.com