Тата не купіў дачцэ самаката — і ледзь не стаў фігурантам крымінальнай справы
Незвычайны сямейны інцыдэнт разглядалі на чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх у Баранавічах.
13.11.2023 / 15:54
Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»
Бацька паабяцаў дачцэ купіць электрасамакат, а сыну — горны ровар. Адразу дзве пакупкі ў яго зрабіць не ўдалося, таму вырашыў парадаваць дзяцей па чарзе. І спачатку набыў ровар для сына, паведамляе мясцовае выданне «Наш край».
Дачка ж настолькі раззлавалася, што выкананне яе жадання вырашылі адкласці на потым, што закаціла дома скандал, пасля чаго схлусіла маці, што бацька яе біў і некалькі разоў балюча ўдарыў па нагах.
Перапалоханая жанчына паведаміла пра здарэнне ў міліцыю.
Пазней, усвядоміўшы, што нарабіла, дзяўчынка прызналася, што схлусіла, і ніхто яе не збіваў. Хлусня стала спосабам адпомсціць бацьку за нявыкананае абяцанне.