Палітвязень-журналіст Яўген Меркіс шые ў калоніі абутак

Пра навіны наконт гомельскага экс-журналіста і краязнаўцу Яўгена Меркіса, асуджанага на чатыры гады, расказаў у сваім фэйсбуку правааабаронца Леанід Судаленка.

14.11.2023 / 13:21

«У шклоўскай калоніі №17 Яўген працуе ў цэху па пашыве спецабутку (для асуджаных і міліцыі). Палітвязень збольшага ў парадку, жыццё для тых месц стандартнае, на здароўе не скардзіцца. Перапісваецца з бацькам (маці памерла, сам Яўген удавец), абмяркоўваюць прадуктовую перадачу (для ўзмоцненага рэжыму раз у чатыры месяцы да 50 кг), званкоў пакуль не дазволілі. У вольны час чытае, глядзіць тэлевізар. Нядаўна ў калонію прыязджаў з выступам лектар-гісторык (які, не ўдакладняе)», — напісаў Леанід Судаленка.

Леанід Судаленка з партрэтамі гомельскіх журналістаў Ларысы Шчыраковай і Яўгена Меркіса. Фота: фэйсбук Леаніда Судаленкі

Ён нагадаў, што Яўген — гомельскі журналіст, які асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, вёў стрымы з мітынгаў так званых «дармаедаў» 2017 года. Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і адпраўляла на суткі. Агулам за журналісцкую дзейнасць Яўгену прысудзілі 50 сутак арышту і больш за 200 базавых велічынь штрафаў.

13 верасня 2022 года ён быў затрыманы па артыкулах 361-1 і 361-4 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.) Яго асудзілі на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

8 лістапада за кратамі Яўген святкаваў свой другі дзень народзінаў.

Падтрымайце журналіста лістамі ды паштоўкамі. Куды: ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8. Каму: Меркіс Яўген Аляксандравіч

Nashaniva.com