Папа Францішак даў індульгенцыю вернікам з нагоды 400-й гадавіны смерці Язафата Кунцэвіча. Якія ўмовы для атрымання

12 лістапада адзначалася 400-годдзе са дня пакутніцкай смерці святога Язафата Кунцэвіча, біскупа і пакутніка, апекуна Віцебскай дыяцэзіі Каталіцкага касцёла ў Беларусі.

15.11.2023 / 11:10

Ілюстрацыя з сайта Catholic.by

Урачыстыя святкаванні ў гонар Язафата Кунцэвіча праходзяць у Беларусі з 16 кастрычніка 2023 года па 25 лістапада 2024 года.

Ватыкан з гэтай прычыны дае поўны адпуст (індульгенцыю) — на звычайных умовах (споведзь, камунія і малітва за Папу) — усім вернікам кожнага абраду, якія пакаюцца і здзейсняць учынкі міласэрнасці, наведаўшы з пілігрымкай юбілейны касцёл у Беларусі, вызначаны біскупам Віцебскім ці апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, а там возьмуць удзел у юбілейных урачыстасцях у гонар святога Язафата Кунцэвіча.

Юбілейныя касцёлы, вызначаныя біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам:

Юбілейныя цэрквы, вызначаныя Апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам — грэка-каталіцкія святыні ў Полацку, Віцебску, Брэсце і ў Мінску (царква Маці Божай Нястомнай Дапамогі).

Пажылыя, нямоглыя і ўсе, хто па сур’ёзных прычынах не можа выйсці з дому, могуць атрымаць поўны адпуст, выконваючы тры звычайныя ўмовы, і духоўна, перад абразом святога Язафата Кунцэвіча.

400-годдзе пакутніцкай смерці святога Язафата Кунцэвіча адзначаецца рыма-каталіцкімі і грэка-каталіцкімі вернікамі ў Беларусі. У нядзелю ў Віцебскай катэдры адбылася прынагодная імша, да гэтай даты быў зладжаны конкурс малюнкаў і літаратурны конкурс. Мерапрыемствам спрабавала перашкодзіць Вольга Бондарава, але пацярпела паразу.

У панядзелак спікер парламента Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн падчас аўдыенцыі ў Папы Францішка падарыла пантыфіку факсіміле малюнка Язафата Кунцэвіча, якое захоўваецца ў бібліятэцы Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук. У Ватыкане пасольства Літвы ладзіць выставу ў гонар св. Язафата.

***

Забойства Язафата Кунцэвіча адбылося 400 гадоў таму. Прызначаны Полацкім мітрапалітам, ён спрыяў пашырэнню ўніяцтва на землях у складзе Рэчы Паспалітай. Праваслаўныя вернікі вінавацілі яго ў гвалтоўных дзеяннях, пераследзе духавенства і нават «лацінізацыі» цэркваў, у якіх ён загадаў навесці парадак і пачысціць абразы.

Актыўнае супрацьстаянне паміж вернікамі дзвюх канфесій доўжылася паўтара года і дасягнула кульмінацыі 12 лістапада 1623 года. У той дзень раз'юшаныя жыхары Віцебска атачылі дом Язафата Кунцэвіча, і калі той выйшаў супакоіць натоўп, яму рассеклі галаву. Потым цела забітага, прывязаўшы да ног і шыі камяні, утапілі ў Дзвіне. Разрабаваўшы дом мітрапаліта і ўніяцкія храмы, найбольш актыўныя ўдзельнікі бунту ўцяклі з горада.

Адзінаверцы спачатку пахавалі мітрапаліта ў полацкім Сафійскім саборы, а пасля вывезлі далёка ў Рым, і цяпер мошчы святога Язафата захоўваюцца ў саборы Святога Пятра. У чэрвені 1867 года Папа Пій ІХ абвясціў Язафата Кунцэвіча святым.

Nashaniva.com